У праекце «Перехват» беларусізуюць адное слова


Беларусізацыя вядомага праекту «Перехват» абмяжуецца пакуль толькі беларускамоўным даменным іменем Perahop.by. Каб цалкам перакласці старонку на беларускую мову, трэба дадатковыя сродкі, расказаў «Белсату» аўтар і кіраўнік праекту падпалкоўнік Аляксандр Ластоўскі.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА нядаўна падало, што «Менская міліцыя запусціць беларускамоўную версію інтэрнэт-праекту «Перехват». Аднак, як удалося высветліць «Белсату», згаданая «беларускамоўная версія» будзе датычыць толькі перакладу інтэрнэт-адрасу на беларускую мову: «perehvat» стане «perahop’ам». Інтэрнэт-адрасы будуць існаваць у сеціве паралельна, прычым беларускамоўнае даменнае імя будзе скіроўваць усё адно на расейскамоўную старонку, удакладніў прэс-сакратар Гарадскога ўпраўлення ўнутраных справаў Менгарвыканкаму падпалкоўнік Аляксандр Ластоўскі.

Зрабіць беларускамоўным даменнае імя «Перахопу» яго аўтара падштурхнулі пытанні карыстальнікаў сацыяльных сетак: чаму адрас старонкі расейскамоўны? «Перадусім жа мы хацелі, каб людзі, якія прынцыпова выкарыстоўваюць беларускую мову, знаходзілі нас у інтэрнэце пад зручнейшым для іх адрасам. Гэта зроблена для зручнасці і праз павагу да беларускамоўных», – дадаў спадар Ластоўскі.

Паводле падпалкоўніка, цяпер на старонцы «Перахопу» мінімум інфармацыі, але каб перакласці яе, трэба дадатковыя сродкі, якімі цяпер праект не валодае.

«Перахоп» – гэта не афіцыйны праект, а хутчэй дабрачынны, грамадскі, рэалізацыяй якога я займаюся асабіста, – падкрэсліў падпалкоўнік. – Міліцыя не выдаткавала сюды ні капейкі. Шмат дапамагла тут кампанія «Астронім», якая бясплатна распрацавала інтэрнэт-рэсурс. Мы маем у планах перакласці ўвесь інтэрфэйс на беларускую мову, але тут вялікая праца. Калі будзе такая патрэба і будуць хацець людзі, – зробім».

Беларускамоўная назва інтэрнэт-адрасу мае з’явіцца ў сеціве на наступным тыдні. У планах распрацоўшчыкаў таксама сыход з дзяржаўнага дамену Perehvat.gov.by, каб не ўзнікала блытаніны ў сувязі з неюрыдычным статусам праекту.

Праз старонку «Перахопу» ў сеціве карыстальнікі могуць паведамляць пра разнастайныя правапарушэнні, самыя распаўсюджаныя з іх – парушэнні правілаў дарожнага руху. Аналагічнага праекту няма ў суседніх краінах. За 1,5 года дзейнасці «Перахопу» былі выяўлены 5 тыс. парушэнняў. 15 разоў «Перахоп» дапамог у расследаванні крымінальных справаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў