Сёлета Беларусь плануе страціць на «Славянскім базары» $1,5 млн


На арганізацыю «Славянскага базару ў Віцебску – 2013» патрацяць Br 40 млрд, а зарабіць спадзяюцца ўсяго Br 27 млрд. То бок Беларусь згубіць на правядзенні фестывалю Br 13 млрд, ці каля $1,5 млн. Але, магчыма, гэткія страты акупляюцца прэстыжам, які надае правядзенне фестывалю Беларусі?

«ХХІІ Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 11 да 15 ліпеня. Сёлета праграма фестывалю будзе скарочаная да 5 дзён. Самы дарагі квіток будзе каштаваць Br 980 тыс.

Леанід Заіка: Лепш бы зрабілі «габрэйскі базар» замест славянскага

Эканаміст Леанід Заіка перакананы, што ніякага прэстыжу «Славянскі базар» Беларусі не дадае ды іміджу не паляпшае, а толькі вымывае грошы – на ганарары артыстам, на іхнае размяшчэнне і гэтак далей. «Славянскі базар» – не рыначная з’ява, гэта чыста палітычнае, прапагандысцкае мерапрыемства. І ён ніколі не будзе рэнтабельным, ва ўсялякім выпадку пры той канцэпцыі, якую ён цяпер мае», – упэўнены эканаміст.

Першы «Славянскі базар» правялі ў 1992 годзе. Традыцыйна фестываль фінансуецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы, адмысловага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўстановамі-спонсарамі.

Акупляльнасць фестывалю вагаецца на ўзроўні 40–60 %. Толькі ў 2010 годзе прыбыткі ад фестывалю аказаліся большымі за выдаткі на Br 332,5 млн.

За ўсе гады існавання фестывалю яго пабачылі больш за 5,5 млн гледачоў.

Усе задачы зрабіць фестываль самаакупляльным спадар Заіка лічыць невыканальнымі. «Ну, бо з чаго гэтай самаакупляльнасці дасягаць? Калі, напрыклад, падвысіць кошты на квіткі, то беларусы ўвогуле туды не пойдуць».

На думку Леаніда Заікі, у Віцебску рэнтабельным мог бы стаць нейкі «габрэйскі базар», асабліва, калі яго з Маркам Шагалам звязаць». Такі фестываль, як лічыць эканаміст, мог бы быць цікавым, і прывабіў бы гасцей з-за мяжы.

Ліпковіч: Каб быў прыбытак, трэба «Ляпісаў»

Блогер Яўген Ліпковіч заўважае, што ніякай славянскасці і тым больш нічога нацыянальнага ў канцэпцыі мерапрыемства няма. «Гэты фестываль – гэта папса, кланаванне Кіркорава ў розных постацях, ён ужо даўно згубіў нейкую сваю сапраўдную цікавасць, – адзначае спадар Ліпковіч. – Там не з’яўляюцца новыя твары, бо тыя, хто замацаваўся ўжо там за дзесяцігоддзі, не пускаюць нікога наперад сябе. У выніку – адно і тое ж кожны год».

Яўген Ліпковіч упэўнены, што «Славянскі базар» даўно ўжо трэба мяняць, і прапаноўвае сваё бачанне пераменаў. «Вось, каб сёння атрымаць і аншлаг, і прыбытак, трэба было б «Ляпісаў» туды запрасіць»

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў