Янка Купала быў укладчыкам першага беларускага банку


Першая гарадская зберкаса адчынілася ў Менску 90 гадоў таму, 23 мая 1923 года, у Доме працы на плошчы Свабоды. Падзея сабрала вялізарную колькасць народу.

Ашчадкніжку № 1, на якую лёг ганарар ад выдадзенай у 1922 кніжкі «Спадчына», ва ўрачыстай абстаноўцы выдалі Янку Купалу.

Да 1 студзеня 1924 года ў БССР дзеялі ўжо чатыры цэнтральныя касы – у Барысаве, Бабруйску, Мазыры і Слуцку, а таксама шэсць паштова-тэлеграфных касаў. Кіравала працэсам іх развіцця Галоўная цэнтральная каса № 16 у Менску. Праз паўстагоддзя сетка ашчадных касаў у рэспубліцы налічвала ўжо звыш 3 тысяч установаў.

У Расейскай імперыі ашчадкасы з’явіліся яшчэ пры Мікалаі I. На беларускай зямлі першая гэткая ўстанова запрацавала ў 1863 годзе ў Віцебскай губерні. Што цікава, сярэдні ўзровень ўнёску ў беларускім банку быў вышэй, чымся на расейскіх тэрыторыях, а больш за 40 % беларускіх ўкладчыкаў былі сяляне.

АК, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары