«Кур’ёзнай і скамарошай» лічыць Зянон Пазняк ідэю «Народнага рэферэндуму»


Прапанова правесці «Народны рэферэндум» прагучала «з боку канторскай «дэмакратыі», мяркуе палітычны эмігрант, лідар КХП БНФ Зянон Пазняк. Пра гэтым ён гаворыць у лісце да сваіх прыхільнікаў, апублікаваным на сайце bielarus.net.

«Ніхто з сур’ёзных людзей не збіраецца абмяркоўваць гэтую скамарошую прапанову, тым больш, што са спадарамі заяўнікамі даўно ўжо ўсё зразумела», піша палітык.

Пры гэтым Пазняк заяўляе пра адное «але»: «Гэтыя ж людзі і гэтыя ж групоўкі абвесцілі, што з 25 траўня да 3 чэрвеня збіраюцца сабраць агульнанацыянальную талаку ў Курапатах, каб навесці там нейкі свой парадак. Цягам 12 гадоў нашай працы ў Курапатах у стварэнні Народнага Мемарыялу Курапаты мы ніколі не бачылі там гэтых заяўнікаў, ніхто з іх не тое што не працаваў там, але нават не засведчыў падтрымкі добрай справе… Цяпер гэтыя асобы збіраюцца раптам арганізоўваць нейкае мерапрыемства ў Курапатах кшталту лукашысцкага суботніку. Усё гэта выклікае падазрэнні ў сапраўднасці намераў згаданых асобаў, тым больш што даверу ім няма».

У сувязі з гэтым лідар КХП БНФ прапаноўвае сваім прыхільнікам «зарганізаваць назіранне за магчымаю працоўнаю ініцыятывай гэтых асобаў у часе магчымага суботніку ў Курапатах»: «Такія захады, на мой погляд, трэба зрабіць, бо ёсць засцярогі, што Народнаму Мемарыялу можа быць нанесеная шкода і псаванне яго выгляду».

20 траўня «Гавары праўду!», «За свабоду» і Партыя БНФ заявілі аб доўгатэрміновым стратэгічным партнёрстве, разлічаным, прынамсі, на 3 выбарчыя кампаніі – мясцовыя, прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Таксама яны заявілі пра пачатак кампаніі ў правядзенні «Народнага рэферэндуму». Пытанні плануюць сфармуляваць да мясцовых выбараў, якія мусяць прайсці не пазней за сакавік 2014 года. Кандыдаты на дэпутаты ад арганізацыяў адлюструюць гэтыя пытанні ў сваіх перадвыбарчых праграмах. Падчас выбараў пачнецца і збор подпісаў за неабходнасць правядзення рэферэндуму.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары