Новая ініцыятыва ўладаў змусіць таксістаў пайсці ў апазіцыю?


Калі кіроўцам забароняць мець аўты, старэйшыя за 8 гадоў, шмат хто з іх страціць працу: тады ім нічога не застанецца як выйсці на Плошчу, бо ім не будзе чаго губляць, апроч сваіх кайданоў, кажа герой праграмы «Маю права».

Праграму «Маю права» можна прагледзець цалкам у архіве праграмаў, а таксама ў анлайн-трансляцыі «Белсату» кожную сераду а 20:35.
{movie}Новая ініцыятыва ўладаў змусіць таксістаў пайсці ў апазіцыю? (“Маю права”) |right|10814{/movie}
Ацэньваць таксоўкі не паводле стану, а паводле ўзросту, – гэткую прапанову зрабіла Міністэрства транспарту і камунікацыі. З траўня наступнага года таксістам могуць забараніць карыстацца аўтамабілямі, старэйшымі за 8 гадоў.

Кіроўцы ж абураюцца: чаму не могуць працаваць з аўтамабілі якаснай амерыканскай ці еўрапейскай зборкі, тэхнічны стан якіх застаецца добрым нават пасля 9–10 гадоў эксплуатацыі?

У міністэрстве кажуць пра бяспеку пасажыраў: маўляў, указ прымусіць таксістаў перасесці на новыя, больш надзейныя маркі. Толькі беларусу нават за ўжываную машыну давядзецца заплаціць у паўтара разы болей за яе рэальны кошт праз высокія мыты. За размыт аўта коштам € 8 тыс. трэба будзе аддаць яшчэ больш за € 4 тыс. (да ліпеня 2011 года за размыт плацілі € 720). Да гэтага даходзяць адсоткі за крэдыт, без якога сярэднестатыстычны беларус наўрад здолее набыць машыну. У выніку аўта атрымаецца проста залатое, таму таксісты бачаць адзінае выйсце – набываць танныя расейскія транспартавыя сродкі. Іх жа якасць не зусім адпавядае патрабаванням беларускіх кіроўцаў. «Расейскі аўтамабіль – поўная лухта. Машына еўрапейскай ці амерыканскай зборкі, якая прайшла тэрмін эксплуатацыі 8 гадоў, можа праслужыць яшчэ столькі ж», – адзначыў таксіст Леанід Кулакоў. – Свае машыны мы даглядаем лепей, чымся ўласную жонку, і любім больш, чымся жонку, бо машына дае нам хлеб».

Існуе меркаванне, што запланаваны ўказ міністэрства робіць беларускіх таксістаў разменнаю манетаю ў стасунках з Расеяй. «Можна сказаць, што гэта своеасаблівае лабаванне інтарэсаў суседняй дзяржавы. Можна казаць, што гэта агульная палітыка ў межах Мытнага саюзу, але ўсе мы ведаем, што траціць у гэтым спажывец», – мяркуе Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў.

Калі таксістам давядзецца набываць новыя аўтамабілі, іх кошты змусяць кіроўцаў кінуць улюбёны занятак і шукаць заробак у іншым месцы. «90 % таксістаў, калі не больш, сыдуць з рынку. Калі гэта адбудзецца, яны ўсе выйдуць на Плошчу. Амаль палова пойдзе дакладна ў апазіцыю. Ім не будзе больш чаго губляць, апроч сваіх кайданоў», – мяркуе кіроўца Леанід Кулакоў.

Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі працуюць прыблізна 16 тыс. таксовак, з іх больш за палову – старэйшыя за 8 гадоў. Указ можа пакінуць без працы прыблізна 10 тыс. беларусаў.

МЯ, belsat.eu
https://youtu.be/Z028GWojwY0

Глядзі таксама
Каментары