Беларускі прэтэндэнт на Марс: Трапіў у дэсант – ганарыся, не трапіў – радуйся


«Я ведаю, што гэта падарожжа ў адзін канец, але хачу ляцець, бо мяне прываблівае цікавая праца», – распавёў у «Размове Мацкевіча» беларускі кандыдат на Чырвоную планету Андрэй Арлоў.

Беларус, які бярэ ўдзел у галандскім праекце каланізацыі Марсу, падкрэсліў, што самая галоўная матывацыя для касмічнага падарожжа – ягоная няўрымслівасць у пошуку цікавых заняткаў. «Цяперашняю сваёй працаю я займаюся ўжо прыблізна 7 гадоў, але звычайна раз на 5 гадоў мяняю сваю дзейнасць».

{movie}”Размова Мацкевіча”: Андрэй Арлоў пра палёт на Марс|right|10813{/movie}

Мужчына дадаў, што гатовы ахвяраваць сабою для дабра чалавецтва, прыняўшы ўдзел у рызыкоўнай экспедыцыі. Калі б праекту не было, ён быў бы ў стане пайсці на іншыя крокі, каб дапамагчы навуцы і людзям: ахвяраваць пасля смерці свой шкілет для выкарыстання ў навуковых мэтах і г. д.

Вылет на Марс адбудзецца праз 10 гадоў, але ўжо сёння Андрэй перакананы, што ёсць найлепшым кандыдатам, каб менавіта ягоная нага першаю крочыла на Чырвоную планету: «Я гатовы на ўсе эксперыменты маральна, то бок я не захачу назад і не буду ствараць праблемаў. Што мне будуць казаць, тое я і буду рабіць. Другое: я падыходжу паводле ўсіх параметраў здароўя – як фізічнага, гэтак і псіхічнага. Прынамсі, я так мяркую, бо правядуць яшчэ тэсты».

Калі ж беларус не трапіць у першую чацвёрку каланізатараў Марсу, то паставіцца да гэтага паводле вайсковай прымаўкі: «Трапіў у дэсант – ганарыся, не трапіў – радуйся».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў