Шарамет: Кандыдаты на прэзідэнта нясуць амаль тую ж адказнасць за паразу ў 2010-м, што і Лукашэнка




Незалежны журналіст ў «Гарачым каментары» перасцерагае апазіцыйных лідараў перад паўторам 2010 года, калі, паводле яго, кандыдаты праз недамоўленасць паміж сабою і нявызначанасць адзінага кандыдата нічога не дамагліся.



У лагеры апазіцыі не сціхаюць спрэчкі вакол «Народнага рэферэндуму». Практычна ўсе, каго не паклікалі, або хто не захацеў ісці ў кааліцыю БНФ–«Гавары Праўду!»–рух «За свабоду» абрынуліся з крытыкаю на прапанову калегаў. Чаму апаненты ўладаў нават паміж сабою не могуць дамовіцца?

{movie}Павал Шарамет у “Гарачым каментары”|right|10799{/movie}

Паводле Паўла Шарамета, на сёння ў дэмакратычных сілаў існуюць 3 падыходы да будучай выбарчай кампаніі: тыя, хто эміграваў з Беларусі і браць удзел у выбарах не бачыць сэнсу – перадусім Андрэй Саннікаў – кажуць пра бессэнсоўнасць удзелу ў выбарах, падыход тройкі ініцыятараў «Народнага рэферэндуму» – не толькі ўдзел, але і вылучэнне «адзінага» і штосьці паміж імі, які прапагандуе Анатоль Лябедзька, падыход, які пакуль нікому асабліва не зразумелы. Натуральна, што спрэчкі ўжо на гэткім этапе знеахвочваюць патэнцыяльных выбарнікаў апазіцыі.

«У прынцыпе, як у час любой кампаніі, відавочна, што ўлады будуць ціснуць на ўсіх апанентаў. Але я лічу, што трэба прымаць удзел у выбарах. Справа не ў нейкай легітымізацыі рэжыму – ён пачуваецца выдатна. Апазіцыя мусіць увесь час грукацца людзям у дамы, размаўляць з імі. І закладваць нейкія думкі, якія спрацуюць потым – праз год, праз два, праз пяць. У гэтым быў сэнс удзелу ў выбарах. Усе гэтыя людзі, якія прымалі удзел у выбарах 2010 года, нясуць амаль тую ж адказнасць за паразу кампаніі, што і Лукашэнка», – заявіў Павал Шарамет.

Журналіст заклікае не паўтарыць памылак мінулай кампаніі. І таму ініцыятыва гэтых 3 партыяў, не гледзячы на шматлікія хібы аднак можа быць падмуркам да нейкага дыялогу з грамадзянамі, ці, прынамсі, паміж сабою.

Спадар Шарамет ставіцца спакойна да ідэі «Народнага рэферэндуму»: паводле яго, частка беларускай апазіцыі намагаецца ўсё ж такі знайсці падыход да грамадзянаў Беларусі. Таму ў тэорыі і гэты «Народны рэферэндум» можа спрацаваць. Магчыма, пра яе пачатак абвесцілі зарана, аднак яна не горшая за тыя ж папярэднія выбары адзінага кандыдата, што прапаноўваў Анатоль Лябедзька.

Дарэчы, лідар АГП не забыўся пакрытыкаваць ідэю калегаў, назваўшы яе нерэальнаю да рэалізацыі.

«Мяркую, крытычнае стаўленне да гэтай ідэі і ўвогуле ўсе тыя заявы, што мы чулі, – замоцныя. Трэба быць больш шчырымі ўсім: і Саннікаву, і Мілінкевічу, і Лябедзьку. Галоўнае пытанне, вакол якога ідуць дэбаты, – гэта пытанне прэзідэнцкіх выбараў 2015 года і пра тое, хто будзе адзіным кандыдатам і ці будзе ён», – зазначае Павал Шарамет.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў