Апошні актывіст незалежнага прафзвязу на "Граніце": На працу мяне не пусціла ахова


Пра тое, што адміністрацыя “Граніту” не працягнула з ім кантракту, памочнік экскаватаршчыка даведаўся, калі прыйшоў на працу пасля адпачынку.

Служба аховы не пусціла Леаніда Дубаносава на тэрыторыю прадпрыемства, калі той спрабаваў прайсці на сваё працоўнае месца. Ахоўнікі паведамілі спадару, што звольнены ён быў яшчэ 16 траўня.

«Я не атрымліваў ніякіх паведамленняў пра звальненне, таму для мяне гэта стала нечаканасцю. Буду звяртацца да адміністрацыі прадпрыемства, каб атрымаць тлумачэнне і дакументы пра звальненне. Пасля мушу вырашаць, ці апратэстоўваць звальненне праз суд», – паведаміў рабочы пра свае планы.

Актывіст і яго паплечнікі звальненне звязваюць з актыўным сяброўствам у незалежным прафзвязе. Звольнены распавядае, што яшчэ ў мінулым годзе кіраўніцтва прадпрыемства ставіла яго перад ультыматумам – працаваць або быць сябрам незалежнага прафсаюзу. Але тады актывіст адмовіўся выходзіць з прафсаюзу, таму яго і напаткала звальненне: «Я шмат гадоў працаваў на «Граніце» без спагнаняў, аднак пасля майго ўступлення ў незалежны прафсаюз, начальства раптам пачало знаходзіць хібы ў маёй працы, а я пасля гэтага некалькі разоў не мог здаць іспыт па электрабяспецы».

Леанід Дубаносаў – адзін з апошніх актывістаў суполкі Беларускага незалежнага прафзвязу на «Граніце». Раней былі звольненыя кіраўнік суполкі Алег Стахаевіч, актывісты Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Віталь Пашэчка, Анатоль і Людміла Літвінкі. Астатнія некалькі соцень сябраў прафсаюзу пад ціскам і пагрозамі начальства пакінулі суполку цягам года.

Звольненыя актывісты судзіліся з прадпрыемстваў, але ніводнага не аднавілі на працы. Суды заўсёды займалі бок адміністрацыі. Толькі ў адзінкавых выпадках удалося часткова перамагчы: калі Алег Стахаевіч адсудзіў у прадпрыемства Br 865 тыс.

{movie}”Гарачы каментар”: Стахаевіч пра незалежны прафсаюз на “Граніце”|right|10801{/movie}

Пратэст на «Граніце» пачаўся ў канцы 2011 года. На знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў і хамства адміністрацыі колькі соцень працаўнікоў выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку Беларускага незалежнага прафзвязу. Афіцыйныя ўлады стварэнне суполкі не прызналі і адмовіліся яе зарэгістраваць, распачаўшы ціск на актывістаў. Калі ж звольнілі кіраўніка прадпрыемства, цягам года заробкі на прадпрыемстве выраслі ў колькі разоў.

Сітуацыя на «Граніце» атрымала і шырокі міжнародны розгалас – у абарону актывістаў «Граніту» выступалі Міжнародная арганізацыя працы, Еўрапейская і Расейская канфедэрацыі прафзвязаў, нацыянальныя аб’яднанні прафсаюзаў шмат якіх іншых краінаў. Нават прафсаюзы Венесуэлы заявілі пра салідарнасці з «гранітаўцамі».

«Белсат» прысвяціў змаганню працаўнікоў прадпрыемства адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту», які даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў