Веды пра паўстанне і Каліноўскага дапамогуць вам атрымаць планшэт


У Беларусі стартаваў конкурс, прысвечаны паўстанню 1863–64 гадоў і асобе нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.



Конкурс пройдзе ў 2 этапы – інтэрнэт-віктарына і “жывы” фінал. Віктарына ўяўляе з сябе тэст на 30 пытанняў, для кожнага з якіх прапаноўваюцца 4 варыянты адказу, 1 з якіх правільны. Час на тэст абмежаваны – 15 хвілінаў. Заданні ўдзельнікам віктарыны падбіраюць выпадковым чынам з колькіх соцень пытанняў, якія склалі на тэму конкурсу гісторыкі і даследчыкі паўстання Каліноўскага. За слушныя адказы будуць налічвацца балы ў адпаведнасці з узроўнем складанасці пытанняў – з 1-га да 3-га.

10 пераможцаў віктарыны выходзяць у фінал конкурсу. Гэта будзе пісьмовы тэст і спаборніцтвы ў фармаце “Брэйн-рынгу”. Пераможца фіналу атрымае планшэт “Prestigio MultiPad 2”, а за 2-е і 3-е месцы прадугледзелі букрыдэры “Amazon Kindle”. Тыя, хто пакажа найлепшыя вынікі ў інтэрнэт-віктарыне, атрымаюць гульню “Паўстанцы” і кнігі на гістарычную тэму.

Інтэрнэт-віктарына праводзіцца да 16 чэрвеня. Фінал адбудзецца 29 чэрвеня ў Менску. Падрабязную інфармацыю пра конкурс размясцілі на сайце 1863.pyx.by.

“Конкурс даволі цяжкі. Таму раю ўдзельнікам перад праходжаннем тэсту пачытаць пра паўстанне, асвяжыць свае веды, каб павысіць вынік, – адзначыў выканаўчы сакратар аргкамітэту святкавання года Каліноўскага, першы намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч. – Разлічваем, што перадусім у конкурсе возьме ўдзел моладзь, якая актыўная ў інтэрнэце і цікавіцца гісторыяй Беларусі”.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў