У Кадырава ёсць двайнік і коцік


У сваім акаўнце ў інстаграме кіраўнік Чачэніі падзяліўся апошнімі навінамі са свайго прыватнага жыцця і са здымачнай пляцоўкі мастацкага фільму «Сэрца бацькі», у якім здымецца абруселы французскі актор Жэрар Дэпард’ё і брытанская свецкая ільвіца Элізабэт Гэрлі.

Але спачатку Кадыраў апублікаваў пост са здымкам надзвычай падобнага да сябе чалавека з подпісам «Добры дзень, дарагія сябры! Адкрыю вам сакрэт, толькі нікому не кажыце: сёння адправіў працаваць за сябе двайніка. Паглядзім, як ён дасць рады ))))».

Пасля з’явіліся здымкі Кадырава і двайніка разам з Элізабэт Гэрлі і мілым коцікам, якога кіраўнік Чачэніі кліча Зазулічкам і думае, каму б падараваць – брытанскай акторцы ці свайму двайніку.

Цікава, што раней спадар Кадыраў вельмі пакрыўдзіўся на сваіх падпісчыкаў у інстаграме і нават думаў пра выдаленне акаўнту. Мала таго, што шмат хто з 200 тыс. ягоных падпісчыкаў цікавяцца жыццём чачэнскага палітыка толькі дзеля смеху, дык яны яшчэ і насмельваюцца крытыкаваць ягоную дзейнасць! Асабліва пасля здымку ўсё ў тым жа акаўнце, дзе Кадыраў быў сфатаграфаваны разам з Бэкханам Ібрагімавым – асуджаным за ўдзел у забойстве футбольнага фаната Юрыя Волкава. Выявілася, што Ібрагімаў нейкім чынам атрымаў умоўна-датэрміновае вызваленне і новы пашпарт – натуральна, у Чачэніі.

Тым часам здымкі фільму «Сэрца бацькі» ідуць поўнаю хадою. У стужцы распавядaецца пра жыццё бацькі дзейнага кіраўніка Чачэніі Ахмата Кадырава. Ягоную ролю хутчэй за ўсё выканае… Жэрар Дэпарад’ё. На жаль, вельмі шмат дэталяў застаюцца ў таямніцы. Гэтак, невядома, якую ролю атрымала Элізабэт Гэрлі, вядомая з серыі фільмаў пра супер-агента Остына Паўэрза. Таксама не разгалошваюцца дэталі сцэнара. Інтэрнаўтаў вельмі цікавіць, з якога моманту біяграфіі Ахмата Кадырава распачнецца фільм? Ці распавядуць стваральнікі стужкі пра ягоную гераічную барацьбу супраць расейкіх войскаў? Ці, можа, раскрыюць таямніцы пераходу кіраўніка непрызнанай Ічкерыі на бок РФ? Будзем сачыць за акаўнтам Кадырава – раптам, штосьці даведаемся.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў