Палецкіс убачыў у Беларусі паляпшэнні. Праваабаронцы пратэстуюць


Адмысловы спавяшчальнік дэлегацыі Еўрапарламенту у справах Беларусі Юстас Палецкіс прапаноўвае прыпыніць санкцыі Еўразвязу ў дачыненні ключавых беларускіх чыноўнікаў. Паводле яго, «у 2012 г. было заўважана паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека».

«Гэтае сцвярджэнне не толькі не адпавядае фактычным абставінам, але і стварае ілжывыя перадумовы для перагляду раней заяўленых ЕЗ пазіцыяў у дачыненні Беларусі», – гэтак каментуе даклад еўрадэпутата кіраўніца «Цэнтру прававой трансфармацыі» Алена Танкачова.

У сваім дакладзе Юстас Палецкіс рэкамендуе выкарыстаць старшыняванне Літвы ў ЕЗ (з 1 ліпеня) і саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільні восенню 2013 г. «як унікальную магчымасць для паляпшэння адносінаў з Беларуссю, у тым ліку для перазагрузкі палітычнага дыялогу, сярод іншага – для правядзення дэмакратычных рэформаў, прызнання вяршэнства закону, правоў чалавека і фундаментальных свабодаў».

Палецкіс таксама рэкамендуе разгледзець «прыпыненне дзеяння санкцыяў ЕЗ у дачыненні ключавых беларускіх чыноўнікаў для пашырэння неабходных дыпламатычных каналаў камунікацыі з Беларуссю з улікам правядзення саміту «Усходняга партнёрства».

Паводле Алены Танкачовай, гэткія захады супярэчаць заяўленым прынцыпам ЕЗ, бо ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца палітычныя вязні, няма механізмаў грамадзянскага ўдзелу: выбараў, рэферэндумаў, наўпроставай заканадаўчай ініцыятывы, магчымасці рэальнага ўдзелу грамадзянаў у прыняцці грамадска значных рашэнняў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў