Усталяваць спадарожнікавую талерку ў шматкватэрных дамах будзе амаль немагчыма


У чарговы раз улады спрабуюць перашкодзіць пашырэнню карыстальнікаў спадарожнікавага тэлебачання, у тым ліку і гледачоў “Белсату”. Паводле пастановы ўраду № 384, усталёўваць талеркі на сваё жаданне забароняць.

У Беларусі, паводле аналітычнага цэнтру «Люстэрка-Інфа», у 2012 годдзе было 22,4 % уласнікаў спадарожнікавых талерак, з іх 53% глядзяць «Белсат».

Каб гэтая лічба ўзрасла цяпер давядзецца звяртацца за адпаведным дазволам да мясцовых уладаў. Больш за тое, грамадзяне мусяць распрацаваць праектную дакументацыю аб усталяванні талеркі.

«Па выніках агляду фасаду [тут чыноўнікі разумеюць слова «фасад» як усе вонкавыя сцены дому – «Белсат»] або даху шматкватэрнага жылога дому (у залежнасці ад месца ўсталявання інжынернага абсталявання) складаецца акт іхнага тэхнічнага агляду, у якім прыводзіцца інфармацыя аб тэхнічным стане фасаду або даху», – зазначаецца ў дакуменце.

Цягам месяца ўлады маюць разгледзець такі зварот і, калі не выявяць “парушэнняў у выніку ўсталявання інжынернага абсталявання жылога дому або асобных памяшканняў” ці «павелічэнняў максімальна дапушчальных разліковых інжынерных нагрузак на адно жылое памяшканне», дазвол дадуць.

Аднак не варта думаць, што на гэтым пакуты будучага карыстальніка спадарожнікавага тэлебачання скончацца, – яшчэ трэба падпісаць дамову з распрацоўнікам той праектнай дакументацыі, якую падалі ў звароце. Згодна з новым законам, жыхары шматкватэрных дамоў не змогуць самастойна ўсталёўваць талерак, таму трэба наняць і людзей, якія зробяць гэта за іх.

Калі хтосьці вытрывае ўвесь гэты рытуал, яго чакае апошняе выпрабаванне – «акт прыёму выкананай працы». На кватэры мусяць сабрацца: сам ахвотны скарыстання са спадарожнікавага тэлебачання, выканаўца працаў, прадстаўнікі ЖЭСу і распрацоўніка праектнай дакументацыі.

Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка “Белсату”Як зазначае дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы, на шчасце, закон датычыць толькі жыхароў шматкватэрных дамоў і нічога не кажа пра ўжо ўсталяваныя талеркі.

«Вялікая колькасць нашых гледачоў – гэта якраз жыхары прыватных дамоў, да таго ж пакуль не вядома, ці будуць штосьці рабіць з ужо ўсталяванымі талеркамі. Мы ж паглядзім, як гэты закон будзе дзеяць, і будзем рэагаваць адпаведна. На шчасце, у нас ёсць ужо даволі вялікая колькасць гледачоў (каля мільёна апытаных штодзённа або некалькі разоў на тыдзень – паводле звестак 2012 года), і мы маем яшчэ он-лайн трансляцыю», – зазначае дырэктарка «Белсату».

Акурат перад пачаткам трансляцыі нашага тэлеканалу ўлады заклапаціліся пра эстэтычны выгляд спадарожнікавых талерак. Маўляў, непрыгожа выглядаюць на дахах. Аднак далей за пагрозы штрафу справа не пайшла. Цалкам магчыма, што гэтак жа пойдзе справа і з гэтым законам.

У сваю чаргу прадстаўнік «Белсату» ў Менску Міхась Янчук нагадвае, што больш за палову карыстальнікаў спадарожнікавага тэлебачання ў Беларусі – гэта людзі з вышэйшай адукацыяй і тыя, хто незадаволены з праграмаў айчынных тэлеканалаў.
{movie}Міхась Янчук: У нас амаль кожнае абмежаванне ёсць палітычным|right|10778{/movie}
«Калі б Беларусь была прававою дзяржаваю, то можна было б падумаць, што гэта проста спроба ўрэгуляваць працэс устаноўкі спадарожнікавага абсталявання. Але ў нас практычна кожны абмежавальны прававы акт выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах, і я думаю, што ў гэтым выпадку будзе тое ж самае», – лічыць Міхась Янчук.

У.Ш., belsat.eu
https://youtu.be/JKjmgFTk0OI

Глядзі таксама
Каментары