Магілёўцы патрабуюць праўды пра забойства ў “прэс-хаце” ў турме № 4


Напрыканцы красавіка за забойства, што адбылося ў ліпені 2012 года, адзін з удзельнікаў атрымаў смяротны прысуд. Праваабаронца Уладзімір Краўчанка ўпэўнены, што такім чынам зноў спрабуюць схаваць праўду, і разам з неабыякавымі магілёўцамі патрабуе незалежнага расследавання злачынства.

Згулялі ў даміно – на жыццё.

24 красавіка гэтага года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў да найвышэйшай меры пакарання вязня турмы № 4 Язэпчука 1969 г. н. Як паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”, ён не меў пэўнага месца жыхарства, раней неаднаразова судзіўся, у тым ліку і за забойства. Разам з ім на 16 гадоў пазбаўлення волі асудзілі хлопца 1990 г. н. Абодвух абвінавачваюць у забойстве сукамерніка 1989 г. н., якое яны здзейснілі ноччу 5 ліпеня 2012 года. Забілі проста так, без аніякіх матываў. Сукамернікі папросту пастанавілі згуляць у даміно на жыццё. Пераможанага задушылі, ахвяра загадзя ведала пра тое, што будзе забітая.

Адразу пасля інцыдэнту пракуратура Ленінскага раёну Магілёва праводзіла правяранне, якое паказала, што забойца характарызаваўся вельмі адмоўна і мусіў знаходзіцца ў адзіночнай камеры, але яго перавялі ў агульную нібы праз “аператыўную неабходнасць”. Аднак, паводле намесніка пракурора Магілёва Яўгена Фурманава, правяранне паказала, што ніякай неабходнасці ў пераводзе не было.

У выніку дысцыплінарную адказнасць зазналі 5 працаўнікоў турмы. Двум з іх абвесцілі вымову, адзін атрымаў строгую вымову, двух панізілі ў пасадзе.

“Прэс-хата” у магілёўскай турме.

Дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтру Уладзімір Краўчанка мяркуе, што ў гэтым выпадку мае месца не адно злачынства, а адразу некалькі, і ў першую чаргу з боку кіраўніцтва турмы, дзе ёсць назіральныя інстанцыі, якія мусяць цягам содняў быць каля камераў і забяспечваць парадак.

Паводле правабаронцаў, “прэс-хаты” ладзяцца ў турмах закрытага тыпу з дазволу начальніка турмы з мэтаю аказання ціску на вязняў. Паводле правабаронцаў, “прэс-хаты” ладзяцца ў турмах закрытага тыпу з дазволу начальніка турмы з мэтаю аказання ціску на вязняў. Уладзімір Краўчанка не верыць, што здарэнне выпадковае. Праваабаронца заяўляе: паводле звестак блізкіх да турэмнай сістэмы людзей, у турме № 4 створаная гэтак званая “прэс-хата”.

“Прэс-хаты”, як патлумачыў праваабаронца, ладзяцца ў турмах закрытага тыпу з дазволу начальніка турмы з мэтаю аказання ціску на вязняў. У гэтых камерах збіраюцца асуджаныя, якія будуць выконваць загады адміністрацыі. Потым да іх закідваюць чалавека, з якога фізічнымі здзекамі, збіццём ці маральным ціскам выбіваюць патрэбныя паказанні.

Спадар Краўчанка адзначае, што такая практыка парушае і беларускія, і міжнародныя нормы ўтрымання вязняў, згодна з якімі працаўнікі турмы мусяць падчас размеркавання вязняў браць пад увагу нават псіхічную сумяшчальнасць зняволеных: “У турме чалавек пазбаўлены волі, але ён застаецца чалавекам. У нас жа пра гэта забываюцца і вязням ствараюць нечалавечыя ўмовы. “Прэс-хаты” – звычайная з’ява ў беларускіх турмах”.

Чаму хаваюць праўду?

Уладзімір Краўчанка склаў зварот на імя старшыні грамадскай назіральнай камісіі за працаю сістэмы выканання крымінальнага пакарання пры Галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму Віктара Сідарэнкі. У звароце, пад якім падпісаліся прыблізна 15 праваабаронцаў, журналістаў і проста неабыякавых магілёўцаў, патрабуецца правядзенне правяранне дзейнасці турмы № 4 у Магілёве.

Зварот перакіравалі ў абласную пракуратуру. Начальнік Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Аляксандр Маймусаў тлумачыць гэта тым, што такія пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю грамадскай назіральнай камісіі. Уладзімір Краўчанка мяркуе, што такім чынам чыноўнікі імкнуцца схаваць ад грамадскасці парушэнні ў турме № 4 і пазбегнуць адказнасці: “Перасылка звароту ў пракуратуру – гэта спроба схаваць замоўцаў забойства. Гэтак жа, як і смяротны прысуд, якім хочуць канчаткова замесці ўсе сляды”.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары