Якія пытанні закране «народны рэферэндум»?


Тры беларускія апазіцыйныя структуры – рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду!» і Партыя БНФ – маюць намер правесці «народны рэферэндум». На галасаванне мяркуюць вынесці самыя важныя для беларусаў пытанні.

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч падкрэсліў, што афіцыйны шлях рыхтавання да рэферэндуму пачнецца толькі пасля таго, калі ідэя рэферэндуму заваюе падтрыманне народных масаў. У адваротным выпадку дзейныя ўлады адміністратыўнымі сродкамі перашкодзяць ініцыятыве, не рэгіструючы ініцыятыўных групаў і г. д.

{movie}”Гарачы каментар”: Губарэвіч пра народны рэферэндум |right|10759{/movie}

Адная з галоўных мэтаў рыхтавання да ўсенароднага галасавання, паводле Губарэвіча, – вызначэнне найбольш балючых для беларусаў пытанняў: «Грамадства ўжо не давярае ўладам, але яшчэ не гатовая ўспрымаць апазіцыю, бо апазіцыя не знайшла падыходаў і тэмаў, якія найперш хвалююць беларускае грамадства. Мы хочам тут пайсці іншым шляхам, прапаноўваючы людзям тыя пытанні, якія важныя для іх, ад развязання якіх залежыць іх лёс, якія важныя для краіны, для іх сем’яў ды іх дзяцей».

Для рэферэндуму сфармулююць не больш за 5–6 ключавых пытанняў, што датычаць розных сфераў: паляпшэння стану беларускай эканомікі, развязання пытання непавагі ўладамі Беларусі грамадства, усталяванне незалежнай судовай сістэмы і г. д.

«Мы не хацелі б пакуль засяроджвацца на канкрэтных прыкладах, бо гэта можа звесці дыскусію ў непатрэбны бок. Для мяне ж як для грамадзяніна, які шмат разоў цярпеў ад несправядлівасці з боку уладаў дзяржавы, напэўна, адным з найбольш важных пытанняў была б незалежнасць судовай сістэмы, але мы б не хацелі засяроджвацца на канкрэтных пытаннях, бо гэта б значна звузіла дыскусію», – адзначыў намеснік старшыні руху «За свабоду».

Спадар Губарэвіч дадаў, што пасля збору пытанняў, прадстаўнікі апазіцыі будуць працаваць для папулярызацыі гэтых пытанняў сярод большасці грамадзянаў. Плануецца праводзіць адпаведную працу падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады ў 2014 годзе.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў