«Шматдзетная сям’я – гэта нармальна»


Сем’і, у якіх гадуюць больш за траіх дзяцей, вымушаныя змагацца са стэрэатыпам, што «дзеці там саплівыя, галодныя, дэградаты».

Шматдзетная сям’я = праблемная?

Пераканаць у адваротным імкнуліся ўдзельнікі ІІ Міжнароднага фестывалю сям’і «Шчасце ў дзецях–2013», які праходзіў у Бабруйску з 17 да 19 траўня.

Падзяліцца радасцю і каштоўнасцю шматдзетнасці прыехалі 15 сем’яў з Беларусі, Расеі ды Украіны, якія выхоўваюць ад трох да дванаццаці дзяцей. Яны лічаць, што фестываль дапамагае пераадолець стэрэатып, што склаўся ў нашым грамадстве, нібы сям’я, у якой шмат дзяцей, – абавязкова бедная, асацыяльная.

«Ведаеце, часта глядзяць на нас і кажуць: о, шматдзетныя, напэўна, яны нейкія там бедныя, жабруюць, – распавядае Ганна Грачыха з Магілёва, маці чацвёх дзяцей. – А тут мы бачым сем’і нават з дванаццаццю дзецьмі і бачым, што дзеці ў іх – дагледжаныя, шчаслівыя, выхаваныя, і што гэта – нармальныя, паўнавартасныя сем’і».

«Нашыя знаёмыя сутыкаліся з папрокамі, што, вось, панараджалі, а мы тут вам вінныя цяпер штосьці. Сярэднестатыстычны чалавек у нас не паважае сям’ю, дзе больш за трое дзяцей, такі, ведаеце, стэрэатып, што дзеці там – саплівыя, галодныя, дэградаты. А насамрэч не так жа. Магу вам сказаць, што ў гэтых сем’ях ёсць усё патрэбнае, што гэта – творчыя людзі, і дзеці там растуць творчыя», – падзялілася сваім меркаваннем Вольга Корсунава, паэтка з Бабруйску, маці шасцёх дзяцей.

«Шматдзетная сям’я – гэта нармальна. Нашыя дзеці забяспечаныя ўсім неабходным, вучацца, мы шмат вандруем», – адзначыў Ігар Падалка з Украіны, які выхоўвае з жонкаю дванаццаць дзяцей, з якіх чацвёра – свае, а восем – прыёмныя. У планах – яшчэ ўзяць дзяцей на выхаванне. Шматдзетны бацька лічыць, што ў вялікай сям’і дзеці – больш шчаслівыя, творчыя, адкрытыя да праблемаў іншых людзей і дапамогі.

Сям’я Падалка вядомая ва Украіне тым, што яны тры разы на тыдзень гатуюць ежу для бяздомнікаў і раздаюць яе на вуліцах роднага Чырвонаармейску.

За скарачэнне спаронаў – грашовыя прэміі

Фестываль зарганізаваў Цэнтр падтрымання сям’і, мацярынства і дзяцінства «Пакравы» з дапамогаю Праваслаўнай царквы і дабрачынных фондаў Беларусі, Расеі ды Украіны.

Як распавёў Андрэй Зубенка, кіраўнік цэнтру «Пакравы», падчас фестывалю ў жаночых кансультацыях Бабруйску распачалі конкурс сярод медычных працаўнікоў. Асноўная ўмова конкурсу – скараціць колькасць спаронаў. Тыя дактары, якія абароняць найбольш дзяцей ад спарону, атрымаюць аргтэхніку, грашовыя ды іншыя каштоўныя прэміі. Конкурс будзе праходзіць цягам года.

Як адзначыў спадар Зубенка, фестывалем ён хацеў паказаць каштоўнасць вялікай сям’і, якая «не адбірае часу і жыццёвых магчымасцяў, а наадварот – дае падставы здзейсніць шмат добрых справаў і рэалізаваць свае творчыя магчымасці». Што, зрэшты, і прадэманстравалі сем’і-удзельніцы фестывалю.

«Шкада толькі, што гасцей мала. Хочацца, каб больш людзей сюды прыйшлі, асабліва маладыя сем’і, каб паглядзелі і сказалі: мы таксама хочам быць шматдзетнымі», – заўважыла ўдзельніца Ганна Грачыха з Магілёва.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года, у Беларусі налічваецца 2,7 млн сем’яў, з іх – 244 507 сем’яў, у якіх пяць і болей асобаў. Сярэдні памер сям’і па краіне – тры асобы.

У Менску сёлета на 1 красавіка налічвалася 7 тысяч 586 сем’яў, якія выхоўваюць трох і болей дзяцей.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў