Юрась Ліхтаровіч у “Гарачым каментары”


“Беларускія апазіцыйныя палітыкі не аперуюць мільёнамі, толькі тысячамі”.

Гэткую думку выказаў палітолаг, каментуючы магчымасць палітычнай дапамогі з Захаду. Паводле яго, гэтая сістэма працуе зусім інакш, чым гэта сабе ўяўляе дзяржаўная прапаганда, маўляў, Саннікаў ці Някляеў папрасілі мільён даляраў, і ім яго далі. “Такога няма, бо гэта б было ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы дзяржавы. Гэтага вельмі баяцца, і ўсё робіцца адкрыта. Калі пойдзе палітычная дапамога, то трэба казаць проста пра гэта. Стварыць адмысловую структуру, якая б легальна гэтым займалася”, – мяркуе Юрась Ліхтаровіч.

Аднак палітолаг не лічыць гэты шлях правільным. “Палітычныя партыі павінны існаваць з падтрымання грамадзянаў Беларусі, са складак, якія плацяць іхнія сябры. Тут не вядзецца пра мільёны. Чалавек дасць 10 даляраў, і гэтага хопіць, бо такіх людзей шмат, і назбіраецца неабходная сума. Бо беларускія апазіцыйныя палітыкі не аперуюць мільёнамі, толькі тысячамі.

Успамінаючы словы еўрапейскага чыноўніка сямігадовай даўніны, які на пытанне пра Беларусь і магчымасць супрацы адказаў: “Для нас Беларусь – гэта як Гандурас”, – Юрась Ліхтаровіч зазначыў, што сітуацыя змянілася: “Тое, што ёсць такое зацікаўленне, гэта вельмі добра, гэта дае падставу для нейкіх зменаў. Магчыма, што калі б Еўропа цікавілася Беларуссю так, як цяпер, з 1994 года, то Лукашэнкі ўжо і не было б”.

belsat.eu

Стужка навінаў