Нарэзаная газета замест грошай. Махляры-«гастралёры» падманулі 7-х


Праваахоўнікі паведамляюць пра серыю аднатыпных выпадкаў махлярстваў у Гомлі, Жлобіне і Менску. Цягам трох дзён ахвярамі падману сталі прынамсі сем асобаў.

У якасці ахвяраў злачынцы кожнага разу абіралі жанчын ва ўзросце 45–60 гадоў. Адзін са зламыснікаў падыходзіў да жанчыны і паказваў гаманец, які нібыта згубіў нейкі мужчына, што прабягаў побач. Ён прапаноўваў падзяліць гэтыя грошы. У гэты момант да махляра далучаўся ягоны «калега», які рабіў выгляд, што гэта – ягоны гаманец і ў ім мае быць каля $ 2 тыс. Завязвалася спрэчка і махляр, што «знайшоў» гаманец, перадаваў яго ахвяры «на захаванне», пакуль той будзе разбірацца ў сітуацыі. З ахвяры пры гэтым патрабавалі аддаць у заклад якія-небудзь каштоўныя рэчы, напрыклад, вырабы з золата. Пасля гэтага махляры сыходзілі, а ахвяра знаходзіла ў гаманцы замест грошай нарэзаную газетную паперу.

Праваахоўнікі паведамляюць, што за серыяй злачынстваў могуць стаяць трое грамадзянаў Украіны, што перамяшчаюцца па Беларусі аўтамабілем «Шкода» з украінскімі нумарамі. Падобна, два гады таму яны ўжо былі ў Менску з аналагічнымі «гастролямі».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў