У Беларусі ствараюцца цімураўскія каманды, як у кніжках Гайдара


Цімуравец – узорны піянер, які з уласнай ініцыятывы робіць добрыя ўчынкі на карысць сацыялістычнай радзімы. Такі ж рух на поўным сур’ёзе хочуць заснаваць і з ліку сённяшніх беларускіх піянераў.

Учора ў Менску ўрачыста адкрыўся першы рэспубліканскі збор піянераў. На плошчы Перамогі была ўрачыстая лінейка. На зборы дзеці ды педагогі абмяркоўвалі, якім мусіць быць сучасны цімураўскі рух. Апагей сустрэчы – узнагароджанне пераможцаў гульні “Цімураўцы.by”.

Рэспубліканскую завочную інтэлектуальна-творчую гульню “Цімураўцы.by” прыдумаў і правёў цягам года Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Яе мэта – “папулярызацыя цімураўскага руху як дзейснай формы сацыяльна значнай дзейнасці, якая спрыяе маральнаму і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню, развіццю ініцыятывы і самадзейнасці сярод дзяцей”.

Падчас гульні дзеці мусяць з дапамогаю камп’ютара адказаць на пытанні віктарыны, разгадаць кніжны шыфр, развязаць сканворд з рэбусамі ды галаваломкамі, вывучыць “семафорную” і “фруктовую” азбукі. Гульня мае пяць тэматычных блокаў, якія сімвалізуюць пяціканцовую зорку. У першым, напрыклад, трэба было вызначыць, якія пункты з Канвенцыі аб правах дзіцяці пасуюць да добрых учынкаў цімураўцаў з кнігі Гайдара.

Цімураўскія каманды як валанцёрскі рух пачалі з’яўляцца ў СССР пасля выхаду аповесці Аркадзя Гайдара “Цімур і ягоная каманда” ў 1940 годзе. У творы аўтар апісаў вайну Савецкага Саюзу з неназваным праціўнікам, якая мела адбыцца найбліжэйшым часам. Сюжэт распавядае пра тое, як сумленныя піянеры ў дачным мястэчку для савецкіх афіцэраў дапамагаюць сем’ям франтавікоў, старым і хворым, а заадно змагаюцца з хуліганамі. Цімураўскія каманды дзеялі пры савецкіх навучальных установах падчас Другой сусветнай вайны.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў