Піт Паўлаў: Беларусь на «Еўрабачанне» дасылае «ісцінных арыйцаў» з дзіўнай тусоўкі


Пра памылкі нацыянальнага адбору ды «ісцінных арыйцаў» на беларускім тэлебачанні – «Размова Жбанкова» з музыкам Пітам Паўлавым.

Перад беларускім журы «ABBA» і Джон Ленан не мелі б шанцаў

Як удзельнік адбору на летаўняе «Еўрабачанне» ў складзе гурта «N.R.M.», Піт Паўлаў мае свой погляд на прычыну няўдачаў Беларусі. «Калі б крытэры былі іншыя, беларусы б заўсёды траплялі як мінімум у дзясятку. Праблема ў падыходзе: філарманічны супраць поп-песні. Як вядома, ніводнага спевака або спявачкі з філарманічнымі здольнасцямі сярод поп-зорак няма. Ніхто не прыходзіць наверх праз вышэйшую музычную адукацыю».

Паводле музыкі, сумны беларускі досвед дзесяці «Еўрабачанняў» сведчыць пра памылкі пры адборы ўдзельнікаў. «Калі артысты не з тэлевізара, яны не маюць шанцаў прайсці нацыянальны адбор. Калі б нечакана нарадзіўся Курт Кабэйн або Джон Ленан на нашай зямлі, дарос бы да 18 год і прынёс бы песню «Imagine», ці «ABBA», напрыклад, – нацыянальнага адбору яны б не прайшлі ні ў якім разе, ніколі. Гэта немагчыма».

“Ісцінныя арыйцы” з дзіўнай тусоўкай

Згодна з назіраннямі Піта Паўлава, нацыянальны адбор праходзяць «ісцінныя арыйцы» з нардычным характарам, «тыя, хто ўдзельнічае ў гэтай гульні з Беларускай тэлевізіяй, з гэтай дзіўнай тусоўкай».

{movie}”Размова Жбанкова”: Піт Паўлаў пра “Еўрабачанне”|right|10741{/movie}

Навошта тады «N.R.M.» пайшоў на леташні тур «Еўрабачання»? Піт Паўлаў кажа, што галоўным матывам была «зацікаўленасць у сцэне». У Беларусі праз малую колькасць клубаў з жывой музыкай артыстам, нават «гэтым з тэлевізара», няма дзе выступаць.

Паводле Піта Паўлава, на «Еўрабачанні» перамагаюць не найлепшыя, а «фрыкавацейшыя». Ён перакананы, што летась «самым фрыкаватым» з беларускіх прэтэндэнтаў быў якраз «N.R.M.», які спяваў «пазнавальную славянскую песеньку на славянскай мове».

Ці змог бы гурт са сваім баявым мінулым, нацыянальнай свядомасцю рэпрэзентаваць на конкурсе «чырвона-зялёную дзяржаву»? «Мы прадстаўлялі не чырвона-зялёную дзяржаву, а нашу дзяржаву «N.R.M.», якая ў выглядзе анклаву існуе ў Рэспубліцы Беларусь. І я ўпэўнены, што мы прадставілі б з годнасцю», – лічыць суразмоўца.

Ланскую проста пашкадавалі?

Піт Паўлаў кажа, што механізм ды крытэры адбору ў Беларусі для яго гэтак і засталіся невядомымі. Аднак ён упэўнены, што абіраюць не гледачы і нават не журы. «Летась выбіраў прэзідэнт краіны <…> Сёлета я чуў, такія размовы: ну, у мінулым годзе не далі Алене Ланской, трэба даць у гэтым».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў