Валер Каліноўскі: На Бяляцкага ціснуць, каб ён напісаў прашэнне аб памілаванні. Не дачакаюцца


Чарговае спагнанне для вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. І як вынік – ён не можа атрымліваць перадачаў з харчамі. Пра гэта кажа жонка праваабаронцы Наталля Пінчук.

{movie}Валер Каліноўскі ў “Гарачым каментары”|right|10730{/movie}

Права на атрыманне перадачаў для Алеся Бяляцкага вернуць, паводле ягонай жонкі, толькі ў жніўні. Такое пакаранне для праваабаронцы – не першае. Толькі летась у выніку спагнанняў у калоніі забаранялі харчовыя перадачы для Бяляцкага ажно 4 разы. Праваабаронцу асудзілі ў лістападзе 2011 года на 4,5 гады за ўкрыванне прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы. Насамрэч гэта былі сродкі на падтрыманне грамадзянаў, пацярпелых ад дзеянняў улады.

Цікава, што гэткае рашэнне прынялі акурат падчас з’езду краінаў «Усходняга партнёрства» ў Кракаве.

Паводле аўтара кнігі пра лёс Алеся Бяляцкага журналіста радыё «Свабода» Валера Каліноўскага, прычына бесперастаннага ціску на вядомага праваабаронцу перадусім у спадзяванні ўладаў Беларусі на тое, што ён усё ж такі падпіша прашэнне аб памілаванні.

«Гэта – не той чалавек, ён ніколі на такое не пойдзе. Але гэта, магчыма, яшчэ і не толькі, каб не даць магчымасці яму атрымліваць перадачы, але і каб не дазволіць ўмоўна-датэрміновага вызвалення. Я нядаўна толькі атрымаў ад яго ліст, у якім ён кажа, што ніяк не можа паўплываць на свой лёс – гэта залежыць ад іншых, і ён гатовы сядзець да самага канца», – зазначае Валер Каліноўскі.

Ідэя напісання кнігі з’явілася якраз на судзе над праваабаронцам, на якім працаваў журналістам госць «Гарачага каментара». Вялізарны аптымісм і смеласць Бяляцкага ўразіла спадара Каліноўскага – гэтак паўстала праца на 360 старонак. Цяпер журналіст вядзе перамовы з трыма польскімі выдавецтвамі, каб справа Аляся Бяляцкага прагучала і тут. Апроч гэтага, ён атрымаў прапановы выдаць кнігу самога праваабаронцы «Асвечаныя беларушчынай», якая нядаўна выйшла ў Менску.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў