Беларусь–Еўразвяз: Ці будзе дыялог – вырашыцца ў Менску


На спатканне міністраў замежных справаў краінаў «Усходняга партнёрства» ў Кракаве запрасілі і кіраўніка беларускага вонкавапалітычнага ведамства Уладзіміра Макея. Аднак сам ён у Польшчу не прыехаў. Замяніла яго намесніца Алена Купчынa, якая паставіла свой подпіс пад адмоваю рэгістрацыі ў Беларусі нашага тэлеканалу.
{movie}Ці адновіць “Усходняе партнёрства” дыялог з Беларуссю?|right|10728{/movie}
Гэткі крок адмовы асабістага ўдзелу Уладзіміра Макея, які пазначаны ў «чорным спісе» Еўразвязу, шэраг палітолагаў назвалі палітычным дэмаршам афіцыйнага Менску і саступкаю Еўразвязу. Галоўнае пытанне цяпер – ці Брусель захавае цвёрдую пазіцыю ў дачыненні Беларусі, ці дазволіць дасягнуць галоўнай мэты ўладаў нашае краіны, каб на саміт «Усходняга партнёрства», што адбудзецца ў Вільні восенню, атрымаць запрашэнне на імя самога Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам сённяшняга дня у Кракаве спаткаліся кіраўнікі МЗС краінаў Вышаградскай групы – Славакіі, Вугоршчыны, Польшчы – і высокай прадстаўніцай Еўразвязу ў вонкавых дачыненнях Кэтрын Эштан разам з камісарам у палітыцы добрасуседства Штэфанам Фюле. Гэтая сустрэча была падрыхтоўчаю да вялікага форуму краінаў «Усходняга партнёрства» ў Вільні. На жаль, прадстаўніца ўладаў Беларусі Алена Купчына адмовілася ад сустрэчы з журналістамі. Хоць раней беларускае МЗС абяцала шэраг двухбаковых сустрэчаў, сам-насам спадарыня Купчына паразмаўляла толькі з еўракамісарам Штэфанам Фюле.

«Гэтая дыскусія – добрая платформа, каб данесці да ўладаў Беларусі, што партнёрства з Еўропаю мае вялікі патэнцыял як для Беларусі, так і для яе грамадзянаў, але, каб Беларусь змагла скарыстацца з іх, існуюць пэўныя ўмовы. Перадусім – шанаванне свабоды і дэмакратыі»,– усцяж ускладае спадзяванні на дыялог з Беларуссю Штэфан Фюле.

Магчыма праз тое, што спадарыня Кэтрын Эштан не мела магчымасці асабіста ацаніць дыпламатычных здольнасцяў намесніцы Макея, ейная ацэнка магчымасці аднаўлення дыялогу з Беларуссю значна менш аптымістычная. «Цяжка каментаваць тое, што мы яшчэ не паспелі прааналізаваць, але мы застанемся паслядоўнымі ў сваёй палітыцы ў дачыненні Беларусі. Мы не двухсэнсоўна кажам, што Менск мусіць вырашыць праблему палітвязняў».

Аднак пакуль што Менск не падае сігналаў пра ахвоту да саступак. Пра гэта сведчыць і замена Макея на Купчыну, і тое, што акурат сёння пазбавілі права на харчовыя перадачы Алеся Бяляцкага. Аднак, вядома, якімі не былі размовы ў Кракаве ці пасля ў Вільні, тое, ці адновіцца дыялог, усё роўна вырашыцца ў Менску.

УШ, belsat.eu
https://youtu.be/_aRDGApKeC4

Глядзі таксама
Каментары