14-гадовы сын народнага дэпутата Украіны спрабаваў абрабаваць прадуктовую краму


Цяпер Багдан Папоў, сын народнага дэпутата Ігара Папова, і ягоны 15-гадовы пасобнік знаходзяцца ў пастарунку.

Інцыдэнт здарыўся ўвечары 26 лістапада ў цэнтры Кіева. У краму ўварваліся двое ў балаклавах. Аднаго затрымалі на месцы, другога па гарачых слядах. У налётчыкаў канфіскавалі стартавы пісталет «Retay» калібру 9 мм і 7 патронаў да яго, паведамляюць украінскія СМІ.

У суполцы «Кіеў аператыўны» у Facebook, карыстальнікі напісалі, што на Абалоні затрымалі серыйных злачынцаў, і апісалі падзеі таго вечара: у краму забеглі двое невядомых і пагражаючы прадметам, падобным да пісталета, забралі выручку 2000 грыўняў.

Сам Ігар Папоў у Facebook пацвердзіў, што ягонага сына затрымалі на месцы злачынства. Дэпутат папрасіў не спекуляваць на здарэнні і дадаў, што гатовы цалкам несці адказнасць за зробленае.

«Мой 14-гадовы сын трапіў у дрэнную кампанію і здзейсніў сур’ёзнае правапарушэнне. Гэта мая віна, што недастаткова часу надаваў выхаванню, недагледзеў, не папярэдзіў. Я прашу прабачэння ў пацярпелых, у грамадства, у маіх родных, у маёй лепшай каманды. Дзякуй Богу ўсе жывыя, пройдзе следства, вінаватыя панясуць адказнасць без выключэнняў, хай гэта стане ўрокам і сыну, і мне», – напісаў Папоў.

Ігар Папоў з’яўляецца намеснікам старшыні парламенцкага камітэту па пытаннях перадухілення і процідзеяння карупцыі.

Супраць хлопцаў распачалі справу за разбой. Паводле КК Украіны, за бандытызм адказнасць наступае з 14 гадоў. За групавы разбой яму пагражае пакаранне да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў