14 фактаў пра Беларусь, якіх вы маглі не ведаць


Калі заняцца пошукам цікавінак пра нашую краіну ў інтэрнэце, акажацца, што ўсе падборкі адаптаваныя для расейцаў. Там апавядаецца пра ветлівых беларускіх кіроўцаў, колькасць загінулых партызанаў і пра тое, што ў нас таксама «рублі». Цікавы факт для расейцаў: людзі трымаюць адно перад адным дзверы ў метро.

Падборкі тыповыя, а калі яшчэ крыху пашукаць, высветліцца, што ўсе маюць адну крыніцу – пост у ЖЖ блогера Міхаіла Мароза, дзе колькі год таму ён паспрабаваў сабраць 100 невядомых фактаў-гісторыяў.

Belsat.eu вырашыў сабраць малавядомыя і цікавыя факты пра Беларусь, якія могуць быць шмат для каго новымі.

Першая па шэнгенскіх візах

Лічыцца, што беларусы мала падарожнічаюць, але, відаць, тыя, хто падарожнічае, абавязкова робіць гэта з шэнгенскай візай у пашпарце. Калі, канешне, лічыць падарожжам паездку ў віленскі «Акропаліс» ці беластоцкія гіпермаркеты. Тым не менш, факт ёсць – па колькасць атрыманых візаў Шэнген беларусы на першым месцы ў свеце. Штогод нашыя грамадзяне атрымоўваюць каля 700 тысячаў візаў, большасць выдае Польшча.

За пісьменную Беларусь!

Вы маглі не ведаць, але Беларусь адна з самых пісьменных краінаў у свеце. Паводле рэйтынгу ЮНЭСКА мы займаем 8-е месца з 99, 7 % пісьменных людзей сярод дарослага насельніцтва. Згодна са статыстыкай, самыя пісьменныя людзі жывуць у Азербайджане – 100%.

Сонечны Лондан, дажджлівы Менск

Нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне пра вечныя туманы і дажджы ў брытанскай сталіцы, наша сталіца больш бы падышла пад гэтае апісанне. Сярэднегадавая колькасць ападкаў у Лондане 584 мм, у Менску больш за 700 мм. Колькасць сонечных гадзінаў цягам года ў нас 1200, у Лондане 1461. І не забывайце, снег у Брытаніі трымаецца ўсяго пяць дзён цягам года.

Ні мора, ні гораў

Калі не браць карлікавых дзяржаваў, то мы адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае ні доступу да мора, ні ўласных гораў. Дзіўна, але паўсюль ёсць горы, большыя за нашую гару Дзяржынскую, альбо мора. А часта і тое, і іншае разам. Затое, у нас калійная соль і штучныя горы пад Салігорскам.

Манеты

Калі горы і мора створаны альбо не створаны прыродай, то ўнікальнасць, якая пайшла ад чалавека, – адсутнасць манетаў. Мы адзіная краіна ў Еўропе, якая выкарыстоўвае толькі банкноты. Ды і ў свеце такіх краінаў не шмат. Праўда, мы хоць маем сваю, слабую, але ўласную валюту.

Без лоўкостаў (танных авіялініяў)

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Гэтую мапу можна падпісаць па-рознаму. Напрыклад, мапа, якая адлюстроўвае краіны, куды не лятаюць лоўкосты. Таму аэрапорт у Вільні часта называюць «Менск-3». Альбо можна назваць гэта мапай краінаў, якія не ўваходзяць у Раду Еўропы.

Віза ў Вільню

Калі б беларусу трэба было патрапіць па набыткі ў Вільню 200 альбо 300 год таму, ён бы гэта зрабіў без ніякіх візаў. Дзіўна, але за ўсю гісторыю існавання гораду, з 1323, толькі апошнія 11 год, цягам якіх Літва з’яўляецца чальцом Еўразвязу і НАТО, патрапіць у Вільню беларусам настолькі цяжка, і трэба рабіць візу.

Спецыяльны курс для студэнтаў Сарбоны

Роля Статутаў ВКЛ у нас недаацэнена. Выдатны помнік юрыдычнай думкі быў ацэнены адразу пасля выдання па ўсёй Еўропе і служыў удасканаленню канстытуцыйнай думкі на ўсім кантыненце. Нашыя школьнікі не вучацца разуменню велічнасці і значнасці гэтых дакументаў. Затое, гэта робяць студэнты прэстыжнага Сарбонскага ўніверсітэту ў Францыі – ёсць спецыяльны курс па вывучэнню Статутаў, які доўжыцца цэлы семестр.

Гарэлка для «Оскара»

На мяжы тысячагоддзяў нашыя прадуцэнты гарэлкі рапартавалі аб поспехах і аб тым, што канкурэнты засталіся далёка ззаду. Апроч словаў, былі дзеянні – беларускую гарэлку «Усяслаў Чарадзей» пілі на «Балі стагоддзя» у Манака і на цырымоніі ўручэння кінаўзнагародаў «Оскар». Дзіўна, што адшукаць звесткі аб гэтым зараз даволі складана, не кажучы пра фота маладога Ды Капрыё з чарачкай гарэлкі «Чарадзей». Ды і не зразумела, што сталася з нашымі тэхналогіямі і поспехамі, ды і з самой гарэлкай «Усяслаў Чарадзей».

Другая кніга пасля Бібліі

У нашых шыротах кніга «Атлант расправіў плечы» не вельмі вядомая, а вось за акіянам амерыканцы называюць яе другой па значнасці пасля Бібліі, якая аказала ўплыў на іхнае жыццё. Напісала яе Айн Рэнд, эмігрантка з савецкага Ленінграду. А вось яе бацька быў аптэкарам у Берасці.

Гэта адна з тых самых гісторыяў пра вядомых людзей, якія маюць беларускія карані: адзін з заснавальнікаў кампаніі «Metro-Goldwyn-Mayer» Луіc Мэер, былы прэм’ер-міністр Ізраілю Арыель Шарон ці генеральны дырэктар карпарацыі «Microsoft» Стывэн Балмэр ды іншыя.

«Жэстачайшы ўрбан»

Хоць «Дажынкі» і застаюцца адным з самых значных нацыянальных святаў, а бітва за ўраджай галоўнай інфармацыйнай нагодай канца лета, Беларусь робіцца ўсё больш урбаністычнай краінай. А сімвал урбанізму, як і належыць, знаходзіцца ў сталіцы. Невядома, ці ёсць яшчэ ў Еўропе прыклады гарадоў, якія выраслі гэтак імкліва за апошняе стагоддзе. Насельніцтва Менску, да прыкладу, павялічылася за гэты час у 20 разоў. І што цікава, цяпер беларуская сталіца на 10-ым месцы па колькасці жыхароў у Еўропе.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Шляхамі Скарыны

Беларусь у еўрапейскіх лідарах у колькасці выдадзеных кніжак на мільён чалавек. Паглядзіце на гэтую мапу і будзеце моцна здзіўленыя.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Частка «старэйшага брата»

Беларускім аматарам тэорыі аб суцэльным кантролі з боку дзяржаваў і спецслужбай варта ведаць: адна нашая кампанія моцна ў гэтым задзейнічаная. А называецца яна «Regula», яе распрацоўкі па праверцы пашпартоў выкарыстоўваюцца на зонах памежнага кантролю і нават у ФБР.

Ідзі і глядзі

Калі вам давядзецца размаўляць пра беларускае кіно, можаце смела ўздыхаць і казаць «што раней было тое, чаго цяпер няма». Самы рэйтынгавы фільм «Ідзі і глядзі» высока ацэнены самім Стывенам Спілбергам, а ў Беларусі сёння пра яго мала хто згадвае.

Маеце што яшчэ сказаць пра Беларусь і беларусаў? Пішыце ў каментарах!

Іван Шыла для belsat.eu

Стужка навінаў