На судзе актывістаў у Віцебску глядзелі відэа, знятае былым палітвязнем


Падчас суда над дзеячамі КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым і Віталем Каваленкам паказвалі відэаздымкі без гуку, узятыя, паводле пратаколу, на адной з апазіцыйных старонак.



Актывісты Ян Дзяржаўцаў і Віталь Каваленка праводзілі акцыю 26 красавіка ў Віцебску з разгорнутымі плакатамі «Будаваць АЭС без згоды народу можа толькі вораг Беларусі» і «Дыктатар, пабудуеш Астравец – пажнеш Чарнобыль». Да дзеячаў пад’ехалі міліцыянты, калі тыя збіраліся сыходзіць і ўжо склалі плакаты, таму надпісаў міліцыянты не бачылі.

Толькі пазней прадстаўнікі міліцыі ў інтэрнэце заўважылі артыкул пра акцыю і расчыталі надпісы на плакатах. Гэта і стала падставаю для складання пратаколу на актывістаў.

Былы палітвязень Сяргей Каваленка напісаў у сваім «Facebook’у», што падчас працэсу ў якасці рэчавага доказу міліцыянты паказалі відэа акцыі, знятае самім Сяргеем Каваленкам і выкладзенае на «Youtube». Відэа прадэманстравалі, праўда, без гуку. Паводле пратаколу, відэа ўзялі з сайту «Charter97.org».

{movie}Відэа акцыі ў Віцебску|right|10725{/movie}

«Ніякіх заклікаў там не было, мы не высоўвалі ніякіх патрабаванняў. Проста выказвалі сваё меркаванне. А на гэта маем законнае канстытуцыйнае права», – лічыць Віталь Каваленка.

Сёння Кастрычніцкі райсуд разглядае справу яшчэ двух віцебскіх актывістаў, сябраў Партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Іх абвінавачваюць у парушэнні «Закону аб СМІ». Актывістаў затрымалі 22 сакавіка, калі тыя рыхтавалі інфармацыйныя матэрыялы пра Дзень Волі. Абодва адбылі па 5 дзён арышту, але цяпер міліцыянты даводзяць, што колькасць забраных асобнікаў друкаваных матэрыялаў большая за дазволены наклад для незарэгістраваных выданняў.

МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў