Рыгор Барадулін напісаў кнігу, каб акторы ламалі язык


Маладыя беларускія акторы скардзіліся на тое, што няма беларускіх хуткамовак, каб размінацца на рэпетыцыях. І скаргі іхныя пачулі. Першая кніга хуткамовак на беларускай мове выйшла ў выдавецтве «Радыёла-плюс». І напісаў іх не хтосьці, а народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Хуткамоўкі Барадуліна агучвала пісьменніца Людміла Хейдарава-Паўлікава. Языкаломная кніжыца вучыць спраўна карыстацца інструментамі ўласнага маўлення ўжо з назвы – «Воз вёз лёс». Дзядзька Рыгор пісаў хуткамоўкі цягам двух гадоў, першую порцыю адразу ж перадалі ў тэатр для практыкаванняў. Аднак Барадулін, падбухтораны сваім маладзейшым сябрам Алесем Камоцкім, спыняцца не стаў. І напісаў цэлы зборнік.

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|10710{/movie}

«Я была падвопытным пацуком, – прызнаецца жонка паэта Валянціна Барадуліна. У нас блізка ўсе пакоі ў хаце, і ён прыходзіў мяне на кухню, прапаноўваў: скажы мне тое і тое. Але ў мяне язык, як кажуць, набаўтаны з дзяцінства. І ў яго ні разу не атрымлівалася, каб я не вымавіла хутка».

Сам дзядзька Рыгор на прэзентацыі прысутнічаў хіба толькі думкамі – наведваць імпрэзы яму апошнім часам не дазваляе стан здароўя. Перадаць жа вясёлы настрой яму ўдалося.

«Па-першае, людзі пачнуць трэніравацца на сваё бла-бла-бла, – зазначае бард Алесь Камоцкі, які зыніцыяваў выданне кнігі. – А па-другое, самі словы не абы-якія, ёсць у іх нешта шаманскае, іх можна паўтараць без канца. Бо гэта – не праўда, што, калі казаць «цукар-цукар-цукар», у роце не стане салодка. Урэшце стане».

Іншыя тэмы: Фестываль чэшскага і славацкага кінематографу адкрыўся ў Магілёве. У Менску прайшла прэзентацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Зкімбы-зымбы».

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў