Дырэктарка «Белсату» – у кіраўніцтве Еўрапейскай федэрацыі журналістаў


Агнешка Рамашэўская-Гузы ўвайшла ў склад кіроўнага камітэту журналісцкага звязу Еўропы. Яшчэ адзін прадстаўнік незалежнага тэлеканалу Міхась Янчук стаўся сябрам фінансавай камісіі гэтай прэстыжнай міжнароднай арганізацыі.

У бельгійскім горадзе Вэрвіе (Verviers) скончыўся трохдзённы кангрэс Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (ЕФЖ), якая аб’ядноўвае 321 000 тыс. журналістаў з усяго кантыненту. Упершыню ў гісторыі ў кіроўныя органы арганізацыі ўвайшла прадстаўніца Польшчы – Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктарка незалежнага тэлебачання «Белсат» і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі польскіх журналістаў.

Новым прэзідэнтам ЕФЖ абралі прадстаўніка Даніі – Моўнша Блікера Біерэгорда (Mogens Blicher-Bjerregaard), а яго намесніцаю даволі нечакана сталася сакратарка Саюзу журналістаў Расеі Надзея Ажгіхіна. З Беларусі, прадстаўнікам якой толькі ад нядаўняга часу дазволілі ўваходзіць у ЕФЖ, у структуры арганізацыі ў якасці чальца фінансавай камісіі ўвайшоў прадстаўнік «Белсату» – Міхась Янчук.

З’езд у Вэрвіе пацвердзіў, што у еўрапейскім прафсаюзным руху журналістаў існуюць дзве тэндэнцыі: прадстаўнікі поўдню Еўропы выступаюць пераважна за абарону працоўных месцаў і клапоцяцца перадусім пра сацыяльныя пытанні; скандынаўскія краіны, Нямеччына і Вялікая Брытанія падкрэсліваюць першачарговую каштоўнасць свабоды слова.

Большасць новых кіраўнікоў ЕФЖ – прадстаўнікі паўночных еўрапейскіх краінаў.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары