У справу беларускага бізнесоўца Андрэя Жукаўца ўмяшаецца генеральны пракурор Польшчы


Прадпрымальніка, які ўцёк ад палітычнага пераследу ў Польшчу, беларускі бок абвінаваціў у махлярстве. Андрэя Жукаўца суд Беластоку пакараў 3 гадамі турмы і $ 5 тыс. штрафу.



«Да мяне звярнулася група дэпутатаў у гэтым пытанні, але афіцыйнай просьбы на маім стале пакуль няма. Я, вядома ж, папрашу азнаёміць мяне з вынікамі следства і ў залежнасці ад гэтага прыму пэўную пазіцыю», – паведаміў польскі генеральны пракурор Анджэй Сэрэмэт (Andrzej Seremet).

Перагляду справы беларускага апазіцыянера запатрабавалі ад Міністэрства юстыцыі ды генеральнага пракурора дзеячы польскіх арганізацыяў, якія супрацоўнічаюць з беларускай грамадзянскай супольнасцю. У аўторак гэтай справе прысвяціла паседжанне польская парламенцкая група ў пытаннях Беларусі.

Андрэя абвінавачваюць у махінацыях падчас атрымання крэдытаў вартасцю $ 700 тыс. у двух беларускіх банках. У 2001 годзе яго затрымалі ў Беластоку. Беларускі бок запатрабаваў экстрадыцыі, аднак польскі суд выказаў сумнеў у правядзенні справядлівага працэсу ў Беларусі.

Жукавец з пачатку расследавання, а таксама падчас працэсу не прызнаў сваёй віны і сцвярджаў, што доказы, пададзеныя ў Беларусі супраць яго, – сфальсіфікаваныя, а само абвінавачанне ўзнікла як адказ за фінансавае падтрыманне беларускай апазіцыі.

Бізнесовец падаў апеляцыю на прысуд польскага суда, паводле якога мае адседзець у турме 3 гады і заплаціць штраф памерам $ 5 тыс.

Цягам шматгадовага судовага працэсу даказалі безліч парушэнняў – «мёртвыя душы» ў якасці сведкаў абвінавачання, фальшаванне перакладаў дакументаў з Беларусі. Гэта не перашкодзіла суддзі Шчэнснаму Шыманьскаму (Szczęsny Szymański) прыняць дакументы, атрыманыя з нашай краіны, за «грунтоўныя доказы, якія заслугоўваюць даверу».

Польскія актывісты, якія маюць кантакты з беларускай апазіцыяй, мяркуюць, што справу мусяць перанесці ў іншы горад. У Беластоку, паводле іх, заўважаная «дзіўная добрасуседская супраца з беларускімі спецслужбамі».

Ці лёгка перавсеці справу ў іншы суд?

Апеляцыю Жукаўца мусіць разгледзець Акружны суд у Беластоку. Яго прэс-сакратар Пшэмыслаў Васілеўскі (Przemysław Wasilewski) паведаміў, што польскае заканадаўства ў выключных выпадках дазваляе перадаць справу ў іншы суд. Аднак вырашае гэта Вярхоўны суд, які можа прыняць такое рашэнне толькі на просьбу суда належнай юрысдыкцыі.

Спадар Васілеўскі адзначыў, аднак, што на практыцы ён ніколі не сустракаўся з гэткім выпадкам.

Міністр юстыцыі, паводле прэс-сакратара беластоцкага суда, не мае права змяніць суд, які будзе разглядаць справу. Незадаволены вынікамі апеляцыі бок заўсёды можа абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе, падкрэсліў спадар Васілеўскі.

МЯ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў