Фантастычныя планы Пятра Пракаповіча: 85% усіх прадуктаў – на экспарт


Намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пракаповіч агучыў планы ўладаў экспартаваць 85 % усёй беларускай прадукцыі. І гэта пры тым, што сёлета экспарт скараціўся ажно ў 4 разы.

Паводле Белстату, сёлета Беларусь за студзень-сакавік прадала сваіх тавараў больш, чымся імпартавала, на $ 426,4 млн. Летась гэтая лічба дасягала $ 1 млрд 728,5 млн.

Нягледзячы на такія статыстыкі Пётр Пракаповіч ставіць фантастычныя задачы – экспартаваць 80–85 % усёй прадукцыі, што вырабляецца ў краіне. І стане гэта магчымым дзякуючы распачатай мадэрнізацыі 5 тыс. прадпрыемстваў, што павысіць канкурэнтназдольнасць іхнай прадукцыі.

Беларускія тэлевізары беларусам не патрэбныя

«Пётр Пракаповіч – не эканаміст і ніколі ім не быў, ён – дзяржаўны чыноўнік, таму выкладае адміністратыўна-бюракратычнае бачанне перспектываў, – перакананы Леанід Заіка, эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія». – Пётр Пятровіч можа там нешта гаварыць, але што ён можа адзін зрабіць супраць вялізарнай расейскай эканомікі, сусветнай эканомікі… Цяпер мы ўвайшлі ў мытную прастору і пачынаюцца першыя такія дэфрагментацыі. У мытнай прасторы вядуць сігналы агульнага рынку. Не нашыя намеры, не Мясніковіча ці Пракаповіча, а тое, што адбываецца ў гэтай прасторы. Прадукцыя, якая вырабляецца ў Расеі ды Казахстане, можа разбураць тыя ці іншыя сегменты рынку. Якіх бы мы не прыдумлялі інвестыцыяў у нейкія, на наш погляд, патрэбныя рэчы, працэс ужо ідзе іншым чынам. Гэта – канкурэнцыя, калі вытворцы большых аб’ёмаў з меншымі выдаткамі ў суседніх краінах могуць цалкам звезці на нуль усе нашыя высілкі ў мадэрнізацыі прадпрыемстваў…»

Як прыклад Леанід Заіка прыводзіць беларускія тэлевізары. Раней ажно 40 % тэлевізараў у кватэрах беларусаў былі айчыннай вытворчасці, цяпер толькі 20. У сегменце тэлевізараў Беларусь ўжо канкураваць не можа, зазначае эканаміст.

Хутка будзем смажыць польскае мяса, завезенае расейцамі

Паводле Леаніда Заікі, Беларусь губляе расейскі рынак у аўтатэхніцы, бройлерах, свініне. Больш за тое, летась імпарт свініны з Расеі ўзрос у два разы.

«Цяпер пачынаюць мяняцца прапорцыі, мяняюцца сегменты рынку, і задача нумар адзін – адсочваць менавіта гэта, а не кідаць грошай абы куды. Кідалі мы грошы ў тэлевізары, а цяпер нашая галіна тэлевізараў абрынулася. І такіх прыкладаў шмат, практычна – гэта ўся эканоміка Беларусі. У такіх умовах я зусім не выключаю, што наступіць момант, калі мы будзем смажыць польскае мяса, якое ўвязуць праз Расею», – мяркуе Леанід Заіка.

Чыноўнікі мараць пра павелічэнне экспарту на 85 %, але пакуль 75 % прадукцыі, якая вырабляецца за месяц, ідзе не за мяжу, а на склады.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары