Аляксандр Мілінкевіч: У Беларусі працягваецца тэрор


Лідар руху “За свабоду” заклікаў краіны Еўразвязу падтрымаць дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў Беларусі ды дамагацца вызвалення палітвязняў.

“Сёння ў нашай краіне працягваецца тэрор. Улады і зараз пераследуюць грамадскіх і палітычных актывістаў. Ідуць арышты і канфіскацыі кампутараў, ператрусы ў офісах. Улада сапраўды хоча, каб ізноў вярнулася атмасфера страху, – заявіў Аляксандр Мілінкевіч на канферэнцыі “Салідарнасць з Беларуссю”, што адбываецца ў Варшаве. – Адразу пасля выбараў былі арыштаваныя ўсе дэмакратычныя кандыдаты. Цяпер ім і сябрам іхных штабоў пагражае да 15 гадоў зняволення”.

На думку палітыка, цяпер для дэмакратычнай супольнасці найважнейшае – гэта салідарнасць. Ён узгадаў пра падтрыманне, што аказвалі шараговыя беларусы тым, хто трапіў пад арышт у выніку разгону Плошчы. “Але для нас важная і вашая салідарнасць, – падкрэсліў Мілінкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі. – Для нас важна, каб вы гаварылі адным голасам, калі гаворка ідзе пра Беларусь. Не можа быць тут плюралізму – ацэнка, там дзе так жорстка парушаюцца правы чалавека, можа быць толькі адна”.

Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што цяпер важна дамагчыся вызвалення палітвязняў. “Мы павінны зрабіць усё, каб перапыніліся палітычныя працэсы, – падкрэсліў палітык. – Яны ладзяцца адмыслова, каб грамадства адчула, што вакол – ворагі, што Захад мае тут сваіх агентаў – старая камуністычная традыцыя”.

belsat.eu

Стужка навінаў