У большасці польскіх школаў для нацменшасцяў здавалі беларускую мову


Паводле Цэнтральнай экзаменацыйнай камісіі Польшчы, сярод выпускнікоў, што трымаюць іспыты на мове нацыянальнай меншасці, найбуйнейшая група – 233 асобы – будзе здаваць беларускую мову. Гэта больш, чымся колькасць асобаў, якія будуць здаваць літоўскую і ўкраінскую разам узятыя.

Пісьмовы экзамен па нацыянальнай мове – адзін з абавязковых у выпускнікоў школаў для нацыянальных меншасцяў у Польшчы. Існуе таксама магчымасць здаваць родную мову на прасунутым узроўні – гэтак беларускую мову будуць здаваць 13 асобаў, украінскую – 16.

Беларусы – адна з дзевяці прызнаных у Польшчы на заканадаўчым узроўні меншасцяў. Паводле перапісу насельніцтва 2002 г., беларусамі сябе лічаць амаль 50 тысяч грамадзянаў Польшчы, большасць якіх жыве ў Падляскім ваяводстве. У пяці гмінах тут беларуская мова мае статус дапаможнай мовы. Жыхары гэтых гмінаў могуць звяртацца ў дзяржаўныя органы на беларускай мове.

МЛ, паводле PAP

Стужка навінаў