"Еўрабачанне": У рэйтынгах букмекераў Ланская на апошніх месцах


Самая маладая народная спявачка Беларусі, Алена Ланская, стала трэцяю сярод тых, хто прабіўся ў фінал музычнага конкурсу “Еўрабачанне”. Нумар Ланской сёння актыўна абмяркоўвалі ў байнэце, што праўда, больш увагі надавалася не вакалу спявачкі, а даражэзнай сукенцы.

Адметныя рысы “Еўрабачання” гэтага года – сцісласць шоу, стаўка на вакал ды нацыянальныя прыкметы. Тон задала Лёрээн, якая разам з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі расчуліла гледачоў. Большасць краін-удзельніц паўфіналу рэпрэзентавалі жанчыны, а траціна песень спявалася на роднай мове. Ланская ж выступіла з песняю «Соўлэёў». Пад турэцкія матывы спявачка выйшла з дыскаболу ў бліскучай сукенцы за $ 25 тыс.

Паводле ацэнак букмекераў, якія цягам апошніх гадоў амаль заўсёды вызначалі пераможцу, сёлета першае месца атрымае дзяўчына з Даніі, другое дастанецца Нарвегіі, а на трэцім можа апынуцца расяянка ці ўкраінка. Алена Ланская ў рэйтынгах, на жаль, на апошніх пазіцыях.

{movie}Алена Ланская выйшла ў фінал “Еўрабачання”|right|10693{/movie}

Другі паўфінал конкурсу пройдзе 16-га траўня, але беларусы ў ім галасаваць не змогуць. Пераможцу ж “Еўрабачання-2013” абяруць 18-га траўня. Галасаваць у фінале змогуць усе краіны-ўдзельніцы.

Музычныя крытыкі адзначаюць, што Ланской пашанцавала нават з тым, што яна выйшла ў фінал, бо ў галасаванні ўзялІ ўдзел шмат краін, якія па-суседску звычайна цягнуць адна адную.

Алег Ражкоў, АК, belsat.eu

Стужка навінаў