Чыноўніца, што адмовіла ў акрэдытацыі «Белсату», едзе ў Кракаў


Намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў «Усходняга партнёрства» ды Вышаградскай групы.

Раней меркавалася, што на сустрэчу паедзе кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Аднак дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведамляе, што Беларусь рэпрэзентуюць на ўзроўні намесніка міністра.

17–18 траўня Алена Купчына сустрэнецца з кіраўнікамі МЗС краінаў «Усходняга партнёрства» (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна), а таксама краінаў Вышаградскай групы (Вугоршчына, Польшча, Чэхія, Славаччына).

Менавіта подпіс намесніцы міністра стаіць пад нядаўняю пастановаю адмовіць у акрэдытацыі карэспандэнцкага пункту спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».

Паводле падпісанага 26 сакавіка дакументу, беларускія журналісты ўжо неаднаразова парушалі заканадаўства, калі супрацоўнічалі з неакрэдытаваным тэлеканалам. Атрыманыя за гэта пракурорскія папярэджанні сталі падставаю чарговай афіцыйнай адмовы ў акрэдытацыі «Белсату».

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы выказала спадзяванне, што прадстаўнікі польскага МЗС выкарыстаюць нагоду ды паразмаўляюць з прадстаўніцаю беларускага вонкавапалітычнага ведамства пра магчымасць рэгістрацыі офісу нашага каналу ў Менску ды афіцыйнай акрэдытацыі журналістаў «Белсату».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў