Як нарадзінец Магілёўшчыны ціха вяртае беларускія каштоўнасці з Расеі на радзіму


Пакуль палітыкі будуюць саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі, культурныя дзеячы задаюцца пытаннем: чаму тысячы гісторыка-культурніцкіх рэдкасцяў, вывезеных з нашай краіны, Расея нам не спяшаецца вяртаць?

Часцяком яны захоўваюцца ў неадпаведных умовах, а часам з’яўляюцца… на аўкцыёнах. Толькі ў саміх беларусаў, што стварылі гэтыя каштоўнасці, цяпер няма сродкаў, каб іх вярнуць. Уратаваць хаця б частку з іх спрабуе беларус-мецэнат, што цяпер жыве ў Маскве.

Аддаваць, не просячы нічога наўзамен. Рабіць гэта могуць людзі з шырокім, адкрытым на свет розумам. Але ці засталіся такія ў Беларусі, дзе мецэнацкая традыцыя існавала праз стагоддзі?

Статут ВКЛ 1588 года, збор сачыненняў Георгія Каніскага 1835 года, зборнік твораў Мітрафана Доўнар-Запольскага канца 19-га ст. ды шмат якія іншыя рарытэты ў Музей гісторыі Магілёва трапілі нядаўна. Паводле адмыслоўцаў, такую бібліятэку ўжо цяпер можна назваць унікальнаю.
{movie}Сюжэт “Аб’ектыва” пра Валерыя Казакова|right|10686{/movie}
ЗМІЦЕР ЯЦКЕВІЧ, НАЦЫЯНАЛЬНЫ ГІСТАРЫЧНЫ АРХІЎ:
“Асобныя рэчы, кшталту таго ж Доўнар-Запольскага, – гэта першыя падобныя рэчы ў Беларусі, у тым ліку з невядомымі ягонымі артыкуламі”.

Аднак атрымаць такую гістарычную каштоўнасць на ўласныя сродкі музей дазволіць сабе не можа. Кнігі трапілі ва ўстанову дзякуючы вось гэтаму чалавеку. Валерый Казакоў нарадзіўся пад Магілёвам у вёсцы Гарбавічы, аднак значную частку жыцця правёў у Маскве, займаючы розныя дзяржаўныя пасады. У Беларусі імя ягонае доўгі час было не вядомае грамадскасці, і толькі падчас апошняй сустрэчы з наведнікамі Магілёўскага музею спадар Валерый упершыню публічна “прызнаўся” ў сваёй мецэнацкай дзейнасці.

ВАЛЕРЫЙ КАЗАКОЎ, МЕЦЭНАТ:
“Я калі заходжу ў запаснікі музеяў, ці то ў Піцеры, ці то ў Маскве, мне цяжка становіцца. Ёсць дакументы і рэчы, якія былі запатрабаваныя ў 53-м годзе, 61-м годзе. Потым ніхто імі не цікавіўся”.

І акурат такія рэчы, што цяпер на чужыне, але звязаныя з ягонаю радзімаю, мецэнат і намагаецца адшукваць, выкупляць на ўласныя сродкі ды перадаваць у Магілёўскі музей. Мясцовыя ж працаўнікі культуры з такой супрацы бязмежна радыя.

ВАЛЕРЫЯ ЛАБАСЕНКА, ЗАГАДЧЫЦА ДЗІЦЯЧАЙ БІБЛІЯТЭКІ:
“Ён зацікавіўся праблемамі культуры свайго ўласнага гораду, стаў нам дапамагаць. Трэба сказаць абавязкова, што ён дапамагае ціха, незаўважна, то бок гэта не спонсар, які робіць нейкае дабро з выгадаю для сябе. Ён мецэнат, якіх сёння практычна няма”.

Прычым дапамагае спадар Казакоў не толькі рэдкімі выданнямі, але і рэальнымі грашыма, мэбляю ды тэхнікаю для магілёўскіх бібліятэк. А таму і наведнікі музею, якія мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца са спадаром Казаковым, пра цяпер ужо мясцовага героя ўзгадваюць толькі добрым словам.

НАВЕДНІКІ СУСТРЭЧЫ:
“Я лічу, што ён праявіў шляхетнасць. Падарыў сваю спадчыну. Гэта важна, значыць, ён любіць нашую радзіму”.
“Людзі, якія ад душы робяць такія падарункі, гэтым сябе ўвекавечваюць”.

Прычым, як кажа сам Валерый, для таго, каб зрабіць добрую справу, не абавязкова быць алігархам. Нярэдка для новых набыткаў ён шукае сабе паплечнікаў. Як высветлілася падчас сустрэчы ў музеі, мецэнат браў удзел і ў набыцці арыгінальнага выдання Трэцяга Статуту ВКЛ. Летась, у тым ліку і з ягонай ініцыятывы, беларусы сабралі $ 15 тыс., каб набыць унікальную кнігу.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў