Радослаў Сікорскі: Санкцыі могуць быць яшчэ больш жорсткія


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску могуць быць больш жорсткія. Падчас свайго выступу кіраўнік дыпламатыі таксама выказаў словы падтрымання на адрас Уладзіміра Някляева і ўсіх беларусаў.

Сёння ў Варшаве адбываецца канферэнцыя арганізацыяў-донараў “Салідарнасць з Беларуссю”, дзе, сярод іншага, разглядаюцца пытанні падтрымання грамадскіх арганізацыяў Беларусі ды абмяркоўваецца фармат супрацы з афіцыйнымі ўладамі. “Мы падтрымліваем шматбаковую супрацу з Беларуссю у межах форуму “Усходняга партнёрства”, хоць прадбачым змяншэнне ўдзелу Беларусі ў ініцыятывах, якія могуць успрымацца як падтрыманне структураў рэжыму – напрыклад, супраца паміж праваахоўнымі органамі”, – заявіў на сустрэчы Радослаў Сікорскі.

Міністр замежных справаў Польшчы таксама дадаў, што Еўразвяз працягвае “палітыку ўмоваў”, і будучая супраца залежыць ад дзеянняў уладаў Беларусі. “Калі ўлады Беларусі лібералізуюць сітуацыю – мы пашыраем магчымасці супрацы. Калі пераследуюць – узмацняем жорсткасць. Гэта, натуральна, азначае, што санкцыі могуць быць скасаваныя, як толькі ўлады Беларусі пачнуць паважаць правы сваіх грамадзянаў”, – заявіў палітык. Паводле Сікорскага, магчымыя змены санкцыяў у бок жорсткасці ўжо абмяркоўваліся на ўзроўні міністраў замежных справаў Еўразвязу.

Радослаў Сікорскі таксама выказаў словы салідарнасці з беларусамі ад імя палякаў ды згадаў напад на Уладзіміра Някляева ў дзень выбараў, правёўшы паралель з часамі “Салідарнасці”, калі быў зрынуты камуністычны рэжым у Польшчы. “У Беларусі таксама прыйдзе час, калі яе жыхары паставяць помнік, што будзе нагадваць пра дні няволі – у гонар тых, хто адважыўся выступіць супраць гэтай няволі”.

belsat.eu

Стужка навінаў