Грошы беларусаў, якія маюць акцыі прадпрыемстваў, забірае начальства


Шмат якія грамадзяне маюць акцыі яшчэ з 1993 года, а дывідэндаў з іх не атрымлівалі ні разу.

ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» паведаміў акцыянерам, што не будзе выплочваць дывідэндаў за 2012 год. Пры гэтым прадпрыемства – не на мяжы банкруцтва, толькі ў летась камбінат патраціў на мадэрнізацыю каля $ 14 млн.

Пра рашэнне не выплочваць дывідэндаў на Слуцкім сыраробным камбінаце паведаміў «Беларускаму партызану» адзін з працаўнікоў прадпрыемства.

Слуцкае прадпрыемства – далёка не адзінае ў Беларусі, дзе ёсць праблемы з выплатамі дывідэндаў. Як распавёў «Белсату» былы рабочы ААТ «Івацэвічдрэў» Васіль, ён іх не атрымлівае ўжо каля 6 гадоў.

«У мяне 35 акцыяў. Апошні раз дывідэнды атрымліваў дзесьці 6–7 гадоў таму, калі ў Івацэвічах былі абласныя «Дажынкі». Але цяпер паставілі новага дырэктара, то, здаецца, абяцаў выплаціць. Я адмысловы рахунак адкрываў для гэтага. Вось, чакаем да жніўня, можа, заплоцяць. За гэтыя грошы з дывідэндаў я мог купіць сабе штаны, сарочку, яшчэ нешта такое. З кожным годам дывідэнды ўсё падрасталі, а потым раптам перасталі плаціць…»

Нягледзячы на гэткія прыклады, вырастае колькасць выплачаных дывідэндаў дзяржаве. Гэтак, у 2012 годзе ў дзяржаўны бюджэт паступіла Br 2,9 трыльёнаў дывідэндаў, што ў два разы перавысіла паступленні 2011 года. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў афіцыйнаму інфармагенцтву БелТА.

45 % усіх дывідэндаў выплаціла ААТ «Беларуськалій», адзіны акцыянер якога – дзяржава.

Паводле Георгія Кузняцова, зусім не выплочвае дывідэндаў нязначная колькасць прадпрыемстваў – 7 %, або 51 ААТ.

Паводле звестак эканаміста Леаніда Заікі, 98 % акцыянерных кампаніяў у Беларусі дывідэндаў не плоцяць з 1993 года: «Дырэктарат, выканаўчыя структуры такіх прадпрыемстваў выпісваюць сабе вялікія заробкі, прэміі, купляюць дарагія аўтамабілі… Тыя грошы, якія мусяць быць размеркаваныя як прыбытак сярод акцыянераў, яны прысвойваюць. Некаторыя выплочваюць. Як правіла, гэта зачыненыя акцыянерныя таварыствы, дзе гаспадары самі наменклатуршчыкі. Выплочваць не будуць дывідэндаў ніколі да тых часоў, пакуль гэтыя прадпрыемствы не будуць рэальна прыватызаваныя», – пракаментаваў эканаміст Леанід Заіка.

Спадар Заіка кажа, што ў плане выплат дывідэндаў Беларусь радыкальна адрозніваецца ад суседніх краінаў, напрыклад, ад Расеі: «У Беларусі, можна сказаць, акцыянернага капіталу няма. У той жа Расеі – дыяметральна супрацьлеглая сітуацыя. Дзякуючы акцыям «Газпрому» жывуць усе, пачынаючы з брата Чарнамырдзіна і заканчваючы Нямцовым… Яны ўсе атрымліваюць, а гэта мільёны долараў. Там рэальна прайшла прыватызацыя, таму сітуацыя іншая».

Леанід Заіка дадае, што сярод акцыянераў у Беларусі ёсць і вядомыя асобы. «Каму яны будуць дывідэнды плаціць? Вось Аляксандр Мілінкевіч акцыянер – у яго ёсць акцыі ААТ «Менскгатэль». І Аляксандр Лукашэнка акцыянер Шклоўскага маслазаводу. Можа, яму і выпісваюць добрыя дывідэнды…»

Паводле эканаміста, беларусы разумеюць, што ўкладаць свае зберажэнні ў акцыі – досыць цьмяная ідэя.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары