Палітолаг: Супраца Лукашэнкі з армянскім алігархам адмоўная для іміджу краіны


Распачаўся не анансаваны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Арменію. Паводле экспертаў, фінансавая выгада ад яго для нашай краіны не вялікая. Затое прыватныя дывідэнды больш відавочныя. Візіт заяўлены як афіцыйны, аднак шмат пунктаў яго праграмы звязаныя з прапановамі… армянскага алігарха. Але ці мае прэзідэнт удзельнічаць у непразрыстых кантактах з замежнымі багачамі?



Арменія – былая савецкая краіна, якую нярэдка жартам называюць “беднаю раднёю Закаўказзя”. Сапраўды, эканамічнымі дасягненнямі Ерэван пахваліцца не можа, што даволі істотна адбіваецца і на дабрабыце мясцовага насельніцтва. На ўласныя вочы пераканаліся ў гэтым нават журналісты нашага тэлеканалу.

{movie}Прыватны ці дзяржаўны? (13.05.2013) |right|10669{/movie}

ВАЛЕР РУСЕЛІК, ЖУРНАЛІСТ:

“Калі ад’язджаць ад сталіцы – ад буйных турыстычных цэнтраў, то ў астатніх рэгіёнах насельніцтва жыве бедна. Гэта заўважаецца, нават калі прыязджаеш з Беларусі, дзе, падавалася б, таксама невялікія заробкі”.

Але тым не менш, менавіта Арменію Аляксандр Лукашэнка абраў для свайго чарговага візіту. Сёння прэзідэнт Беларусі наведаў Ерэван. У першы дзень афіцыйных сустрэчаў бакі падпісалі шэраг дакументаў аб супрацы ў галіне ядравай бяспекі, сельскай гаспадаркі ды спорту.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Нам патрэбны супольны пошук новых сумесных формаў эканамічнага ўзаемадзеяння, ўключна з рэалізацыяй супольных прамысловых, інфраструктурных праектаў, з прыцягненнем інвестыцыяў і ўводам больш сучасных тэхналогіяў”.

Варта адзначыць, што супраца ў гэтым кірунку вялася і раней – праўда, беспаспяхова. Летась таваразварот паміж Менскам і Ерэванам склаў менш за 50 млн долараў. Сярод экспартных найменняў – пераважна апоны, грузавыя аўтамабілі, трактары і нафтапрадукты.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

“Але ўсё гэта пакуль што ў такіх аб’ёмах, што можна было спакойна абысціся і без афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы”.

А таму ўвагу прыцягваюць іншыя акалічнасці візіту. Каля трапа самалёта Лукашэнку вітаў мясцовы алігарх і палітык Гагік Царук’ян. Больш за тое, прэзідэнт Беларусі пасяліўся ў ягонай віле ды плануе прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця казіно і рэстарану армянскага бізнесоўца. Раней, яшчэ ў Беларусі, Лукашэнка прысутнічаў на адкрыцці лініі разліву армянскага каньяку, саўладальнік якой – усё той жа Царук’ян. Паводле экспертаў, такая шчыльная супраца прэзідэнта з алігархам негатыўна адбіваецца на іміджы Беларусі.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Выглядае гэта не так прыстойна для кіраўніка дзяржавы беларускай. Хацелася б, каб калі б такое і было, каб гэта не выпіналася. Для рэпутацыі краіны гэта не вельмі карысныя дзеянні”.

Што звязвае гэтых двух людзей – эксперты не бяруцца казаць. А вось той факт, што падчас візіту ў Ерэван Лукашэнка шукае яшчэ і палітычнага падтрымання ў міжнародных арганізацыях – наўрад ці хтосьці можа аспрэчыць.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Гэта перш за ўсё “Усходняе партнёрства”. Вось напярэдадні саміту неабходна ўзгадніць некаторыя пазіцыі з Арменіяй. Арменія заўсёды падтрымлівае Беларусь і ў пытаннях “Еўранэсту”, і ў пытаннях больш поўнага ўключэння беларусаў у гэтую ініцыятыву”.

І вось тут бакі займаюць цалкам салідарныя пазіцыі ды гатовыя бясконца адзін аднаго падтрымліваць. Дзівіцца тут няма чаго. Прэзідэнт Арменіі Сэрж Саргсьян прыйшоў да ўлады ў 2008 г. Тады апазіцыя пратэставала супраць масавых фальсіфікацыяў выбараў. У выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі падчас мітынгу загінулі 9 асобаў. Сёлета Саргсьян пераабраўся на новы тэрмін, і чарговы раз яго абвінавацілі ў тым, што Арменія ўсё больш становіцца падобная да Беларусі.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў