Дапамога беспрацоўным: Францыя – да € 6161, Беларусь – не больш за 21 (інфаграфіка)


Крызіс надоўга пасяліўся ў Еўразвязе – беспрацоўе расце, а ўрады працягваюць «зацягваць паясы», але і не пакідаюць сваіх грамадзянаў без дапамогі. Як падтрымліваюць беспрацоўных у краінах Еўразоны, а як у нас?

Беспрацоўны кожны дзясяты ці кожны пяцідзясяты?

На пачатку года віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік пахваліўся перад журналістамі дасягненнямі айчыннай статыстыкі. Белстат прыдумаў, як палічыць беларускіх беспрацоўных, каб іх выйшла ўсяго 0,5 % працаздольнага насельніцтва. Праўда, незалежныя эксперты мяркуюць, што гэтая лічба заніжаная прынамсі ў дваццаць разоў.

Калі ж вы, страцілі працу ў Беларусі, то мясцовыя Цэнтры занятасці ахвотна дапамогуць – у залежнасці ад розных умоваў можна атрымаць нават Br 200 тыс. Шматдзетныя бацькі могуць разлічваць на дзесяціадсоткавы бонус, што разам адпавядае € 21. Вядома ж, гэткую шчодрасць трэба адпрацаваць на гэтак званых грамадскіх працах. Звычайна не больш за 10 дзён на месяц.

Іншая справа, калі вы былы чыноўнік або экс-працаўнік праваахоўных структураў. За былыя заслугі гэтыя катэгорыі грамадзянаў атрымліваюць да 60 % памеру заробку на дзень звальнення. І нават не мусяць залічыць грамадскіх працаў!

Як загнівае Захад?

Напярэдадні свята ўсіх працоўных Іспанія апублікавала свежыя звесткі пра беспрацоўных – іх налічылі 6,2 млн, што складае амаль 27 % усяго працаздольнага насельніцтва. Гэткім вынікам можа пахваліцца і Грэцыя, а сярэдні вынік па Еўропе складае 12 %.

Між тым, Іспанія, як і шмат якія іншыя краіны ЕЗ, мае развітую сістэму выплат беспрацоўным. На дапамогу могуць разлічваць не толькі скарочаныя ці звольненыя, але і адпраўленыя ў вымушаны адпачынак, а таксама эмігранты, якія вярнуліся на Радзіму, ці тыя, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі.

У Іспаніі на дапамогу ў беспрацоўі можна разлічваць цягам ад 4 месяцаў да 2 гадоў, пры максімальным памеры выплатаў € 1397.

Тыя ж, каму не пашчасціла знайсці працу за два гады, без падтрымання не застаюцца. Ім выплочваюць каля 80 % мясцовага адпаведніку мінімалкі – не больш за € 532,1.

У Францыі права на дапамогу ў беспрацоўі маюць толькі наёмныя працаўнікі. Тут таксама ўлічваюцца ўзносы на забеспячэнне ў залежнасці ад сумленнасці платніка, падтрыманне складзе ад 57,4 % да 75 % сярэдняга заробку, не больш за € 6161 на месяц.

У Нямеччыне памер дапамогі беспрацоўным складае 60 % сярэдняга заробку і 67 % для грамадзянаў з дзецьмі. У заходняй частцы краіны гэтая лічба не больш за € 2215 і € 1940 ва ўсходняй.

У Італіі падтрыманне таксама залежыць ад месца жыхарства. Штомесячны максімум у выплатах складае € 931 для тых, хто атрымліваў да € 2014 заробку. Калі ж італьянец атрымліваў болей, то пасля звальнення можа разлічваць на € 1119 дапамогі.

У Аўстрыі дапамагаюць на 55 % ад сярэдняга заробку і не больш за € 2211.

Нідэрланды гатовыя падтрымліваць беспрацоўных цягам ад 3 да 38 месяцаў з максімальным памерам дапамогі ў 4343 еўра ў месяц.

А вось беспрацоўным Вялікай Брытаніі не так пашанцавала. Яны могуць разлічваць толькі на € 381 за месяц цягам 6 месяцаў максімум.

У Чэхіі, у залежнасці ад умоваў і тэрміну без працы, у якасці дапамогі ў беспрацоўі выплочваецца ад 65 % да 4 5% сярэдняга заробку. Максімальная квота дапамогі € 548.

У Польшчы
выплаты ў беспрацоўі складаюць ад € 137 да 209. Прадугледжаны таксама надбаўкі для навучэнцаў ці асоб, якія праходзяць стажыроўку.

Нягледзячы на значна большы, прынамсі афіцыйна, адсотак беспрацоўя, нават нашыя найбліжэйшыя заходнія суседзі часам, не працуючы, атрымліваюць болей, чымся некаторыя беларусы за месяц цяжкай працы.

Святлана Пажарава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары