«Пагоня» на ўязной браме Ружанскага замку пасля рэстаўрацыі (фотафакт)


У Ружанскім замку – радавым гняздзе ўплывовага роду Сапегаў (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці) – скончылі рэканструкцыю ўязной брамы, выкананай у выглядзе трыумфальнай аркі з двухпавярховымі флігелямі па баках.

Пасёлак Ружаны ў Беларусі мае старажытную гісторыю, упершыню ён згадваецца ў дакументах у 1490 годзе. У 1598 годзе тутэйшае мястэчка стала ўласнасцю роду Сапегаў, а ў 1637-м атрымала магдэбургскае права. Менавіта тут была рэзідэнцыя аднаго з магутных родаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пачатак будаўніцтва замку ў Ружанах датуецца XVI стагоддзем, у наступныя стагоддзі ён не раз перабудоўваўся, разбураўся. У другой палове XVIII стагоддзя яго аднавілі ў выглядзе барочнага палацу. Тут былі свой тэатр, карцінная галерэя, жывапісны парк, аранжарэя. Дзве сусветныя вайны, гады савецкай улады ператварылі велічны комплекс у руіны. Ужо ў незалежнай Беларусі аднавілі ды рэстаўравалі ўязную браму, у правым флігелі якой размясціўся краязнаўчы музей. А зусім нядаўна набыў першапачатковы выгляд і левы флігель. Працы праводзілі адмыслоўцы ААТ «Берасцерэстаўрацыя».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў