Маленькая перамога. Жыхары Цнянскай абаранілі спортпляцоўку ад забудовы


Ніхто не даў гарантыі, што праз некаторы час сюды не прыйдзе дзяржаўны забудоўнік, кажа актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Дзяніс Кобрусеў.

{movie}Прадстаўнік “Еўраперспектывы”: Гэта маленькая перамога|right|10655{/movie}

Кампаніі «Тамбаз» ужо другі раз адмовілі ў будаўніцтве жылога дому на месцы стадыёну на вуліцы Цнянскай у Менску. Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарваканкаму прыняў такую пастанову, абапіраючыся на распараджэнні Савету Міністраў, якія датычацца правілаў выдзялення прыватным забудоўнікам зямельных участкаў. «Калі «Тамбаз» не будзе будаваць у гэтым месцы, не азначае, што дзяржаўная Управа капітальнага будаўніцтва не можа прыйсці туды з домам для ільготнікаў», – пракаментаваў актывіст «Еўраперспектывы» Дзяніс Кобрусеў.

Мэтаю ж грамадскай ініцыятывы, паводле дзеяча, не было супраціўленне будаўніцтву жылога дому, а аднова стадыёну. Актывісты маюць намер рабіць шэраг захадаў, каб атрымаць ад гарадскіх уладаў дазвол на абсталяванне тэрыторыі пад зону адпачынку.

Грамадзяне, якія выступаюць супраць ушчыльнення на Цнянскай, ужо маюць эскізны праект рэканструкцыі гэтага месца і збіраюцца звяртацца ў Міністэрства спорту ды турызму, а таксама весці размовы з чыноўнікамі Менгарвыканкаму. «Гэты праект спадабаўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і гарадскога савету», – падкрэсліў спадар Кобрусеў.

Сёлета ў сакавіку праходзіла грамадскае абмеркаванне планаванага будаўніцтва жылога дому, які меўся быць з падземнаю аўтастаянкай і аб’ектамі гандлю. Супраць рэалізацыі праекту тады выступіла больш за 3000 мясцовых жыхароў. Крыху пазней ад адміністрацыі Савецкага раёну Менску атрымалі дазвол на будаўніцтва з некаторымі абмежаваннямі: вышыня дому не больш за 7 паверхаў, пашырэнне вуліцаў і гэтак далей.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў