Беларусы Нью-Ёрку пікетавалі прадстаўніцтва Беларусі пры ААН (Фота)


Каля 25 удзельнікаў акцыі пратэставалі супраць планаванага прыезду ў ЗША міністра замежных справаў Уладзіміра Макея, а таксама патрабавалі ад уладаў неадкладнага вызвалення палітычных вязняў.



Кіраўнік МЗС Макей, які падпаў пад міжнародныя санкцыя, меўся наведаць Нью-Ёрк дзеля ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню ААН у пытанні супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Таксама мелася адбыцца афіцыйная сустрэча з генеральным сакратаром ААН Пан Ґі Мунам. Аднак у апошні момант стала вядома пра адмену паездкі міністра, які замест ЗША накіраваўся ў складзе працоўнай дэлегацыі Беларусі ў Арменію. Беларусь у Нью-Ёрку прадстаўляе намеснік міністра Рыбакоў, праграма якога, у параўнанні з планаванаю праграмаю Макея, скарочана да мінімуму – большасць сустрэчаў адмянілі.

Тым не менш, нью-ёркскія беларусы вырашылі выказаць сваю нязгоду з супрацаю ААН з рэжымам, які ажыццяўляе сапраўдны гандаль людзьмі – выбівае крэдыты і прэферэнцыі ў абмен на вызваленне палітычных вязняў. Пікетоўцы скандавалі: «Не – гандлю з дыктатарам! Не – супрацы з дыктатарам!»

У пікеце, які ладзіла арганізацыя «Беларусы ў выгнанні», узялі ўдзел яе кіраўнік Дзмітры Шчыгельскі, старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) Ганна Сурмач, намеснік старшыні беларуска-амерыканскага альянсу «Пагоня» Яўген Барысевіч ды іншыя актывісты.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў