«Белсат» у The Wall Street Journal


Адна з найбольш вядомых у свеце газетаў – амерыканская «The Wall Street Journal» – напісала пра «Белсат» і «Еўрапейскае радыё для Беларусі». Артыкул і відэарэпартаж «Мяцежнікі атакуюць Беларусь праз Варшаву. Медыі, падтрыманыя Польшчаю, – асноўны інструмент у бітве з рэжымам Лукашэнкі» прапаноўваем у нязначна скарочаным варыянце.

Варшава. Адсюль, з цеснай тэлестудыі, невялікая каманда беларускіх журналістаў-дысідэнтаў транслюе на радзіму навіны пра жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні прадэмакратычных сілаў з боку аўтарытарнага лідара іхнай былой савецкай рэспублікі.

Тэлеканал пад назваю «Белсат», які фінансуецца польскім урадам, стаўся найважнейшаю крытычнаю крыніцаю незалежнай інфармацыі для насельніцтва Беларусі, асабліва пасля таго, як службы бяспекі збілі ды арыштавалі сотні ўдзельнікаў масавага вулічнага пратэсту, які адбыўся адразу пасля неадназначных прэзідэнцкіх выбараў у снежні.

Карэспандэнт «Wall Street Journal» Марцін Собчык паведамляе з Варшавы.

Для Польшчы тэлевізійны праект, вядомы як «Белсат», – важкая частка намаганняў дзеля ўмацавання дэмакратычных зменаў за мяжою, у суседняй Беларусі, дзе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка застаецца пры ўладзе ўжо 16 гадоў, трымаючы іншадумцаў «пад каўпаком».

У панядзелак міністры замежных справаў Еўразвязу павінныя ўвесці абмежаванні ўезду важнейшых беларускіх чыноўнікаў і замарозіць іхныя банкаўскія рахункі, каб прымусіць Лукашэнку вызваліць палітычных вязняў. Сярод зняволеных знаходзяцца тры апазіцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва; чацвёрты кандыдат быў вызвалены ў суботу пад хатні арышт.

Такія санкцыі «павінны быць першым крокам», – кажа Артур Міхальскі (Artur Michalski), старэйшы польскі дыпламат (намеснік дырэктара Усходняга дэпартаменту МЗС Польшчы. – Рэд.), які сочыць за падзеямі ў Беларусі. «Мы не можам ігнараваць сітуацыі, якая склалася проста на нашым парозе. Тое, што здарылася ў Менску, – гэта драматычны крок назад».

Палякі кажуць, што іхны ўласны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі падштурхоўвае іх дапамагчы беларусам. Калі Польшча змагалася з камунізмам, падтрыманне з-за мяжы мела вялікае значэнне, – кажа спадар Міхальскі. «Мы зразумелі, што мы не самотныя. Мы ведаем, наколькі гэта важна».

Польшча была сярод самых рэзкіх крытыкаў разгрому апанентаў рэжыму, што ўчыніў спадар Лукашэнка пасля выбараў 19 снежня, у выніку якіх ён нібыта набраў амаль 80% галасоў. Вынікі падаліся Злучаным Штатам і Еўразвязу неадпаведнымі рэчаіснасці. Яны спаслаліся на маніторынг выбараў Арганізацыяй бяспекі ды супрацы ў Еўропе, паводле якога падлік галасоў на палове выбарчых участкаў краіны быў «дрэнным ці вельмі дрэнным».

Варшава схіляе іншыя дзяржавы Еўразвязу ўзмацніць ціск на спадара Лукашэнку і падтрымаць беларускі народ.

Падчас выступу ў парламенце ў Менску, што адбыўся ў чацвер, спадар Лукашэнка заявіў, што Польшча рыхтуе змову з мэтаю зрынання ягонай улады, каб змяніць мяжу з Беларуссю, якая ёсць радзімаю для вялікай колькасці этнічных палякаў.

Міністэрства замежных справаў Польшчы адхіліла гэтыя абвінавачанні, заявіўшы, што не будзе рэагаваць на «такога роду правакацыі».

Суседняя Чэшская Рэспубліка, а таксама Нямеччына, Брытанія і Злучаныя Штаты таксама выказаліся катэгарычна супраць спадара Лукашэнкі. Міністр замежных справаў Чэхіі Карэл ШвАрцэнбэрґ заявіў у чацвер: «Немагчыма зносіць чыстую дыктатуру ў ХХІ стагоддзі» ў Еўропе.

Характэрная для сітуацыі ў Беларусі жорсткая лінія паводзінаў у дачыненні апазіцыйных палітыкаў вымусіла кіраўніцтва ЕЗ пераасэнсаваць папярэднія намаганні кантактаваць з адміністрацыяй Лукашэнкі. Аднак некаторыя з дзяржаваў ЕЗ выказалі перасцярогі адносна ўвядзення жорсткіх санкцыяў, бо лічаць, што такія захады могуць падштурхнуць Беларусь у абдымкі да яе былых палітычных кіраўнікоў у Маскве.

Польскія дыпламаты заклікаюць не толькі ўвесці санкцыі, але і дапамагчы беларускім дысідэнтам, павялічыўшы падтрыманне ўсім Еўразвязам такіх ініцыятываў, як «Белсат» ды іншыя незалежныя медыі. Польшча зарганізавала канферэнцыю для патэнцыйных донараў, каб сабраць сродкі на дэмакратызацыю Беларусі. Падзея адбудзецца на наступным тыдні ў Варшаве.

Некалькі гадоў Польшча прапаноўвае стыпендыі для беларускіх студэнтаў, якіх адлічылі з універсітэтаў за палітычную дзейнасць. Урад таксама фінансуе арганізацыі, якія матэрыяльна падтрымліваюць сем’і палітычных зняволеных і дысідэнтаў, якія існуюць у цяжкіх абставінах.

Трансляцыю «Белсату», які месціцца ў будынку Польскага грамадскага тэлебачання, вядоўца адкрыў вечаровыя навіны ў сераду аповедам пра ролю спецслужбаў у разгоне вулічнай дэманстрацыі ў Менску ноччу пасля выбараў. Ён распавёў пра кампанію петыцыяў у Менску з патрабаваннем вызваліць палітычных зняволеных, а таксама пра няспынныя ператрусы з боку КДБ, які да сёння карыстаецца гэтаю назваю з савецкіх часоў.

Адна асоба, якая падпісала петыцыю, у размове з карэспандэнтам «Белсату» паведаміла: «Яны не арыштавалі тых людзей, якія павінны быць арыштаваныя».

Вернемся ў Беларусь. Афіцыйнае дзяржаўнае тэлебачанне мае тэндэнцыю канцэнтравацца на асобе Лукашэнкі, карыстаючыся метадамі савецкай прапаганды. Вось ён на калгаснай ферме ці на заводзе, дае рэкамендацыі кіраўніцтву. Тэлевізійныя трансляцыі іншых еўрапейскіх краінаў імкнуцца засяродзіць увагу на эканамічных і палітычных праблемах.

Мара Нальшанская, прадстаўніца Еўрапейскага радыё для Беларусі, у варшаўскай студыі ў чацвер.

«Белсат», які распачаў трансляцыю ў 2007 годзе, налічвае каля мільёна гледачоў у Беларусі, або прыкладна 10% ад усяго насельніцтва, – кажа Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканалу. «Мы гаворым аб правах чалавека, пра тое, што ўрад Беларусі робіць насамрэч», – кажа спадар Дзікавіцкі. «Калі працягваць інфармаваць людзей, то яны зразумеюць, што перамены магчымыя». Спадар Дзікавіцкі, які пакінуў Беларусь у 2001 годзе і атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, кажа, што працаўнікоў «Белсату» безупынна пераследуюць у Беларусі. Пасля пратэстаў 19 снежня трох працаўнікоў арыштавалі ды трымалі 10 дзён і больш за кратамі. Усе ўжо вызваленыя, – кажа ён.

Беларусы ўсё смялей раскрываюць журналістам свае погляды, – гаворыць спадар Дзікавіцкі. «Людзі стаміліся баяцца ўвесь час», – паведаміў ён.

Алесь Зарэмбюк, беларускі апазіцыйны палітык, які цяпер жыве ў Польшчы, кажа, што «Белсат» ды іншыя незалежныя медыі «адыгрываюць вельмі важную ролю, і аўдыторыя павялічваецца… Я ведаю людзей, якія глядзяць іх і слухаюць, і гэта змяняе іхныя погляды».

Варшава таксама ёсць домам Еўрапейскага радыё для Беларусі – незалежнай радыёстанцыі, якая транслюе на беларускай мове і атрымлівае фінансаванне з Еўразвязу, Злучаных Штатаў, Чэшскай Рэспублікі ды іншых краінаў.

Чацвер, раніца. Маленькая студыя ЕРБ у адным з варшаўскіх дамоў. 22-гадовая ды-джэй Дар’я Румянцава прыглушае гук песні амерыканскага рок-гурта «My Chemical Romance». Таксама 22-гадовая Мара Нальшанская, схіліўшыся да мікрафона, чытае навіны: лідара моладзевай групы ў Беларусі КДБ зняў з цягніка і арыштаваў.

Сумесь рок-музыкі, навінаў і палітычных рэпартажаў, якую прапаноўвае ЕРБ, даступная ў рэжыме он-лайн, праз спадарожнік і на хвалях некаторых FM-станцыяў, дасяжных у Беларусі. Мэтавая аўдыторыя радыё – моладзь. Праграмы радыё таксама даступныя праз «Тўітэр», «Фэйсбук» і «Ю-т’юб».

Спадарыні Румянцава і Нальшанская – беларускі, якія вывучаюць журналістыку ў Варшаве па праграме польскага ўраду. «Людзі павінны ведаць, што адбываецца», – кажа Мара Нальшанская. Яна адзначае таксама, што вельмі ўражаная ўдзелам маладых палякаў у палітычным жыцці краіны. «Тое, што адбываецца ў Беларусі, – гэта не адзіны шлях».

Напісанню гэтага артыкулу спрыялі Марыня Крук і Малгажата Галяба

Арыгінал матэрыяла

Стужка навінаў