Беларускія сцягі на парадзе Шумана ў Варшаве (Фота, відэа)


https://youtu.be/o0WQ2aR2cHo
Бел-чырвона-белыя сцягі залуналі на традыцыйным парадзе Шумана ў Варшаве. Мэта ўдзельнікаў шэсця – прыгадаць, чым ёсць ідэя еўрапейскага аб’яднання і з якімі цяжкасцямі яно дасягалася

{movie}Транспарант у кожнага свой|right|10641{/movie}

Магчымасць выйсці на вуліцы сталіцы з уласнаручна зробленым транспарантам, – на меркаванне ўдзельнікаў імпрэзы, найлепшы прыклад таго, што таталітарызм – прынамсі ў гэтай частцы Еўропы – застаўся далёка ў мінулым.

ЛУКАШ СТАНЭК, ТВОРЧАЯ ГРУПА:
“Не ісці пад чужымі транспарантамі, а пад сваім – менавіта ў гэтым і ёсць сутнасць вольнае Еўропы”.

А магчымасць такая з’явілася акурат падчас параду Шумана. Імпрэзу, якую пачалі ладзіць у 1999 г., назвалі ў гонар колішняга французскага прэм’ер-міністра. Менавіта яго лічаць ідэйным натхняльнікам еўрапейскай інтэграцыі, бо пасля вайны, у 1950-м годзе, ён абвесціў план аб’яднання каменнавугальнай, жалезаруднай ды металургічнай прамысловасці заходнееўрапейскіх краінаў.

ЯНУШ ЛЕВАНДОЎСКІ, ЕЎРАКАМІСАР У СПРАВЕ БЮДЖЭТУ:
“Кожнае пакаленне мусіць па новаму адкрываць вартасць праекту еўрапейскай супольнасць, які вызваліў Еўропу ад войнаў. Гэта быў кантынент войнаў і канфліктаў, і нават некаторыя войны мы экспартавалі на ўвесь свет. Сёння ўтопія, што можна мець спакойную Еўропу без межаў, з супольнаю валютаю, сталася рэальнасцю”.

Што праўда, далёка не ўсе краіны з еўрапейскай сям’і крочаць плячо ў плячо. Беларускай афіцыйнай дэлегацыі на парадзе Шумана не было яшчэ ніколі. Прадстаўнікі ж дэмакратычнай супольнасці наведваюць імпрэзу штогод.

АНАТОЛЬ МІХНАВЕЦ
, «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ»:
“Каб паказаць, што Беларусь – гэта еўрапейскі народ, каб Еўропа не забывала, што побач месціцца такая краіна, Беларусь, у якой ёсць праблемы, у якой народ змагаецца за незалежнасць, за дэмакратыю, і хочам, каб наш голас пачулі”.

Паводле польскіх палітыкаў, прысутнасць беларусаў на парадзе сапраўды важная. Аднак паўнавартасна ўзяць удзел у імпрэзе нашыя суайчыннікі змогуць толькі пасля радыкальных пераменаў у краіне.

РЫШАРД КАЛІШ, ДЭПУТАТ ПОЛЬСКАГА СЕЙМУ:
“Беларусь будзе мець шанцы тады, калі сама сабе дапаможа, калі станецца дэмакратычнаю краінаю, дзе будуць паважаць правы ўсіх. Калі гэтак будзе, Беларусь атрымае шанцы далучыцца да еўрапейскай супольнасці”.

І як дэмакратычная дзяржава, яна не будзе загадваць, якія сцягі правільныя і з якімі транспарантамі хадзіць на дэманстрацыі.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары