«Як пошуг маланкі» - прэм’ера фільму пра моладзевы антысавецкі супраціў


Дакументальную стужку пра Расціслава Лапіцкага, лідэра антысавецкага моладзевага падполля ў пасляваеннай Беларусі, глядзіце ў пятніцу, 24 верасня 2010 г., а 21:40 на тэлеканале «Белсат».

Памяць пра Расціслава Лапіцкага жыве ў легендах і аповедах мясцовых жыхароў. Хтосьці яго ведае як выдатніка-вучня, хтосьці – як патрыёта і палымянага змагара за свабоду. Чым жа правініўся перад савецкай уладай і за што быў расстраляны дзесяцікласнік смаргонскай школы Слаўка Лапіцкі? На гэтае ды іншыя пытанні адкажа новы дакументальны фільм Валерыя Мазынскага «Як пошуг маланкі», зняты для тэлеканалу «Белсат».

Пасляваенная гісторыя XX ст. застаецца для беларусаў табу. Сталінская дый уся савецкая ўлада мэтанакіравана знішчала нацыянальную памяць, а на тых, хто спрабаваў яе абудзіць, вешала цэтлік «ворага народу». Пра бальшыню з іх мы ніколі не чулі, мабыць, і не пачуем. Шмат хто жыве на эміграцыі, некаторыя сканалі ў лагерах ці расстраляныя. Яны былі выхаванцамі моладзевага антысавецкага падполля 1944–1957 гг.

Расціслаў Лапіцкі з юнацтва выношваў планы змагання з камуністычным рэжымам. У 1948 г. яму споўнілася 20 гадоў, і хлопец перайшоў у дзесяты клас. Тады Лапіцкі і стварыў падпольную моладзевую арганізацыю ў Мядзелі, да якой далучыліся сябры. Бліжэйшымі ягонымі таварышамі і паплечнікамі сталі Факусь Несцяровіч з Юшкавічаў і Юзік Качарга з Качарог. Хлапцы пачалі выпускаць улёткі, тэксты якіх пісаў Расціслаў:

“Сьмерць вырадкам роду чалавечага!

Партызаны! Падпольшчыкі!

Стойце на абароне сваёй справы! Беражыце ў сабе сьвятую нянавісьць да камунізму, які нявечыць і разбэшчвае чалавека. Біце сталінскіх шакалаў!

Моладзь! Не губляй сумленьня, змагайся супраць тых, хто сьлепа верыць у падман камунізму, узначаленага хрыстапрадаўцамі-Юдамі. Яны хочуць усіх нас расьпяць на пяціканцовай зьвязьдзе. Да зброі! Ня бойцеся ахвяраў і пакут!

Уперад да сьветлай будучыні!

Вашыя браты”

Пагадзіцеся, мужна. Гэта 1948–1950 гг., калі лютавалі НКВД і МГБ, сталінская прапаганда. Калі за адно няслушна прамоўленае слова можна было загрымець на дзясятак гадоў у вязніцу. Расціслаў і ягоныя сябры выдатна ведалі, чым рызыкуюць, але ўпэўнена працягвалі збірацца, прыцягваць новых людзей. Рыхтуючыся да больш актыўных дзеянняў, падпольшчыкі пачалі назапашваць зброю і выбухоўку.

Неўзабаве дзейнасць арганізацыі ахапіла ўсю Мядзельшчыну і Смаргоншчыну, а яе слава разышлася па ўсёй Беларусі. Усхапіліся спецслужбы. Пачаліся нагляд, росшукі, допыты. Спецслужбы шмат чаго ведалі пра мядзельска-смаргонскую арганізацыю праз даносчыка, «шасцёрку». У ноч з 1 на 2 лютага 1950 г. у Смаргоні зладзілі засаду. Затрымлівалі ўсіх, хто заходзіў. Расціслава Лапіцкага арыштавалі ў Кабыльніку, у доме ягонага сябра. Факунду Несцяровіча, які ўжо вучыўся ў Менскім палітэхнікуме, арыштавалі дома. Юзіка Качаргу забралі з заняткаў у Мядзельскай школе.

Расціслава, асуджанага да расстрэлу, пару месяцаў трымалі ў вялейскай турме ў камеры смяротнікаў. Яго там бачыў адзін са зняволеных, схварэлага і апухлага. Але духоўна Лапіцкі не зламаўся, адмовіўся ад памілавання. 22-гадовы Слаўка быў верны сабе да апошняга: «Дзе ні буду, нават у найменшым краі зямнога шару – усюды буду весці барацьбу супраць савецкай улады. Мой шлях правільны – за мной увесь народ».

Турэмная камера. Выводзяць двух вязняў. Вядуць па калідоры, садзяць у кузаў аўтамабіля. Лес. Вязні капаюць яму. Гучыць смяротны вырак. Стрэл…

З 27 на 28 кастрычніка 1950 г. Расціслава Лапіцкага расстралялі ў лесе пад Вялейкаю на вачах у ягонага сябра Факунды Несьцяровіча.

* * *

Праз 60 гадоў тых памятных падзеяў Валерый Мазынскі ды Міхась Чарняўскі сустрэліся з удзельнікамі падполля, якое кінула выклік сталінскай сістэме. Фільм «Як пошуг маланкі», зняты на замову тэлеканалу «Белсат» (http://belsat.eu), уключае ў сябе ўнікальную кінахроніку і дакументы, кінарэканструкцыю падзеяў, успаміны аднавяскоўцаў, а таксама былых паплечнікаў Лапіцкага: Юзіка Качаргі са Шчэціна, Леакадзіі Дамброўскай з Сопату, Зосі Лапіцкай з Гіжыцку, Зянона Ахрамовіча з Эльблёнгу, Таццяны Ашукоўскай з Расеі і, вядома, сястры Лапіцкага – Вольгі. У кожнага з іх свая гісторыя, свой лёс. Ім пашанцавала жыць, каб распавесці нам пра тыя падзеі і подзвіг Лапіцкага.

Галоўную ролю – Расціслава Лапіцкага – сыграў 22-гадовы Уладзімір Шульжыцкі, кіраўнік смаргонскай суполкі «Моладзі БНФ». Паплечнікаў Лапіцкага ўвасобілі Дзяніс Лазар з Маладзечна, Юстына Саўка з Менску, вайскоўцаў і спецслужбоўцаў – Павел Гарадніцкі, Аляксей Кавалец, Аляксей Сюдак ды інш. Здымкі праходзілі ў Маладзечна, Вялейцы, Смаргоні, Вільні, вёсках і мястэчках.

Былая турма КГБ, а цяпер музей у Вільні даў памяшканне для рэканструкцыі падзеяў, калі Лапіцкі сядзеў у маладзечанскай турме. Там яго катавалі, выпрабоўвалі голадам і холадам. Адмыслова для гэтых здымкаў Уладзімір Шульжыцкі, выканаўца галоўнай ролі, пагаліўся налыса. «Было цяжка, але вельмі цікава. Нягледзячы на тое, што асоба Лапіцкага мне ідэйна блізкая, было складана ўвайсці ў ролю. Усё-ткі тыя падзеі былі даўно, 60 гадоў таму, іншыя варункі і абставіны. Думаю, у мяне атрымалася», – распавёў Шульжыцкі напярэдадні прэм’еры.

Дакументальная стужка «Як пошуг маланкі» знятая на аснове аднайменнай кніжкі Міхася Чарняўскага, ён жа выступіў і аўтарам сцэнарыю. Завяршаецца фільм кадрамі, як мясцовая моладзь ставіць вялікі драўляны крыж у гонар Расціслава Лапіцкага.

«У гэтай гісторыі яшчэ рана ставіць кропку. Той вялікі шэры камень, які паставіла моладзь як помнік Расціславу Лапіцкаму, знік, яго няма. Невядомыя асобы, цёмнаю ноччу, як некалі Расціслава Лапіцкага, вывезлі яго за горад і закапалі. Потым моладзь усталявала драўляныя крыжы, але і гэтыя крыжы былі спілаваныя, вывернутыя і знішчаныя, – распавёў Міхась Чарняўскі. – Памяць пра Расціслава Лапіцкага, які аддаў сваё жыццё змаганню супраць камуністычнай улады, не дае спакою мясцоваму начальству. Яно змагаецца з гэтаю памяццю, як толькі можа. Але гэтыя намаганні безнадзейныя, бо памяць пра Расціслава Лапіцкага ўжо трымаецца ў народзе і будзе трымацца сотні і сотні гадоў».

Рэжысёр Валер Мазынскі перакананы, што галоўнаю прычынаю непрыняцця Лапіцкага як героя ёсць страх: «Любая ўлада не хоча, каб апанент быў моцны, а пры той характарыстыцы, якую мае сярэдні беларус, Лапіцкі ёсць звышмоцнаю асобаю, якую не зламалі. Нязломнасць – галоўны страх для суперніка. Але будзе час, і Лапіцкаму паставяць помнікі, а ягонае імя трапіць у падручнікі гераічнай гісторыі Беларусі».

Прэм’ера фільму адбудзецца ў пятніцу, 24 верасня 2010 г., а 21:40 на тэлеканале «Белсат». «Белсат» даступны на спадарожніках «Sirius 4» (пазіцыя 5˚ E, палярызацыя H, частата 12 379,6 МHz) і «Astra 1Kr» (пазіцыя 19,2˚ E, палярызацыя H, частата 10862 MHz).

Грамадская прэм’ера з удзелам аўтараў і ўдзельнікаў фільму адбудзецца ў Менску на пачатку кастрычніка.

Стужка навінаў