Берасце: За яміны на дарозе могуць пакараць чыноўніка


Берасцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду!» атрымалі адказ з дзяржаўтаінспекцыі на зварот аб праблеме небяспечнай дарогі паміж вуліцамі Ракасоўскага і Жукава.

З гэтага адказу вынікае, што ў дачыненні чыноўніка з КУП «Берасцейскае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства» распачалі адміністратыўны працэс.

Раней «Белсат» паведамляў, што сябры «Гавары праўду!» распачалі кампанію «Тысяча і адна яма», пасля таго, як налічылі на гэтым 500-метровым участку дарогі больш за тысячу ямінаў. Актывісты сабралі больш за тысячы подпісаў берасцейцаў пад зваротам да мясцовых уладаў і дзяржаўтаінспекцыі адрамантаваць дарогу і пракласці там ходнік.

З гарвыканкаму актывістам паведамілі, што дарожнае палатно парамантуюць, але будаўніцтва ходніку ўздоўж гэтай небяспечнай дарогі не плануецца.

Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду!» Ігар Маслоўскі гэтак пракаментаваў сітуацыю: «У канцы красавіка пачалі рамантаваць дарожнае пакрыццё. Але працы прасоўваюцца досыць павольна. Цяпер адбываецца замена бардзюраў, хоць і незразумела, навошта мяняць там практычна новыя бардзюры. У гэтым адказе з ДАІ нам паведамілі, што ў сувязі з неабходнасцю дадатковых праверачных захадаў у адміністратыўнай справе тэрмін правядзення правярання прадоўжылі. Пра вынікі гэтага правярання нам яшчэ паведамяць».

Актывісты кампаніі яшчэ плануюць абскарджваць у аблвыканкаме адказ гарвыканкаму, з якога палягае, што пакуль не плануецца будаўніцтва ходніку ўздоўж дарогі. Ігар Маслоўскі перакананы, што яго адсутнасць стварае небяспеку для жыцця і здароўя пешаходаў, у прыватнасці дзяцей, якія ходзяць у школу гэтаю вуліцаю.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў