Што трэба, каб стаць царкоўным званаром?


Магутнае здароўе, трываласць і адсутнасць страху вышыні – гэтыя якасці патрэбныя для спецыяльнасці, якой ужо сотні гадоў. Сюжэт праграмы «Рэпартэр».

Даведайцеся больш з праграмы «Рэпартэр», якую можна паглядзець на «Белсаце», а таксама падчас онлайнавай трансляцыі на нашай старонцы кожны чацвер а 20:30. Выданні праграмы даступныя ў нашым архіве.

{movie}Што трэба, каб стаць царкоўным званаром? “Рэпартэр” (09.05.2013) |right|10621{/movie}

Прафесія «званар» не фігуруе ў дзяржаўным рэестры, і яе прадстаўнікоў сустрэнеш рэдка, аднак яны чуюцца запатрабаванымі.

Званарка Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні Юлія Мінчанка распавядае, што зацікавілася званамі яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў Полацку. Там спадарыня Юлія дзяўчынкаю наведвала нядзельную школу пры Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, дзе і пазнаёмілася з майстэрствам грання на званах.

«Сам гук званоў – гэта сімвал радасці, яднання з Богам і будучага жыцця… Любое царкоўнае паслушэнства прадугледжвае подзвіг. У святара свой подзвіг, у пеўчых – свой, у іканапісцаў – свой. У званара таксама: у любое надвор’е, у непагадзь даводзіцца выходзіць і званіць на службу», – дзеліцца жанчына.

Як зазначае спадарыня Юлія, паводле даўняй традыцыі ўменне граць на званах перадавалася ад бацькі да сына. Званарка спадзяецца, што ейнымі сцежкамі пойдзе таксама і маленькі сын, бо яшчэ на 8-м месяцы цяжарнасці званарка аддана ўзлазіла на званіцу, заклікаючы вернікаў на малітву.

Важнасць працы званара, паводле протаіерэя Алега Шульгіна, не ў тым, што ён грае прыгожа і добра, а ў тым, што царква функцыянуе паўнавартасна: «Ёсць святар, які адпраўляе літургію, ёсць вернікі, якія моляцца саборна і ёсць званар, праз гранне якога пачынае прамаўляць храм».

Аднак каб паступіць у царкоўную школу званароў, акрамя вялікага жадання і рытмічных здольнасцяў, трэба рэкамендацыя прыходу, адкуль чалавек накіроўваецца на навучанне і дабраславенне кіроўнага архірэя, адзначыў дырэктар школы званароў Менскае епархіі Багдан Бярозкін.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў