Едзеце па набыткі ў Польшчу па «культурніцкай візе», – можаце пайсці пад суд


Усё часцей польскія суды разглядаюць «візавыя» справы беларусаў. Каб паехаць у Польшчу па больш танныя тавары, жыхары Беларусі атрымліваюць у консульствах выязныя візы. Пры гэтым беларусаў зусім не турбуе, што сапраўдныя мэты паездкі часцяком не адпавядаюць пададзеным у візавай анкеце, а гэта – парушэнне закону, піша газета «Вечерний Гродно».

Суды Падляшша толькі з пачатку студзеня да 19 красавіка ў дачыненні грамадзянаў Беларусі агучылі 109 абвінаваўчых прысудаў, з якіх 65 былі звязаныя з вымагальніцтвам візаў. Сума штрафаў, якія беларусы заплацілі паводле пастановаў польскіх судоў, складае прыблізна $ 55 тыс. У дачыненні іншых беларусаў, якія неадпаведна выкарыстоўвалі візы, вядуцца следствы, вынікі якіх таксама трапяць у суды.

Хацела ў госці, але пайшла па крамах…

Жыхароў Горадні, адкуль да польскай мяжы толькі 20 км, найбольш часта караюць у Польшчы за атрыманне візаў на падставе наўмысна пададзеных ілжывых звестак.

Адзін прыклад: жанчына атрымала шматразовую шэнгенскую візу і часта ездзіла ў Польшчу, аднак, як высветлілі польскія службы, ніводнага разу не з’явілася на адрас, заяўлены ў візавай анкеце, падмануўшы гэтак консула, які выдаў ёй візу. Грамадзянку затрымалі, а польскі суд пакараў яе 8 месяцамі турмы ўмоўна і штрафам прыблізна $ 1300. Апроч гэтага, грамадзянка Беларусі трапіла ў спіс беларусаў, якім забаранілі ўезд на тэрыторыю Польшчы і якія больш не змогуць бесклапотна наведваць краіну-суседку.

На працу па тэлевізар

Часам, беларусы падаюць заяўку на візу, якая дае права на працу, але, атрымаўшы яе, не прыходзяць да патэнцыйнага працадаўцы, хоць даволі часта мінаюць мяжу з рознымі відамі тавараў, на што ўсё часцей звяртаюць увагу прадстаўнікі польскай памежнай службы. Аднаго з такіх «працаўнікоў» асудзілі на год турмы ўмоўна і прызначылі штраф памерам прыблізна $ 200. Польскія памежнікі могуць спыніць і не ўпусціць у сваю краіну, да прыкладу, уладальніка візы з правам на працу ў якасці кіроўцы дальніх адлегласцяў, калі той будзе ехаць прыватным легкавіком, бо мэта ўезду не будзе адпавядаць выдадзенай візе.

Культурна па цяжкавік

Жыхар Магілёва набыў квіток у Нацыянальную оперу ў Варшаве, што дало яму права атрымаць «культурніцкую візу». Магілёвец прыехаў на імпрэзу, пасля чаго… набыў цяжкавік «Scania» толькі за € 136 тыс. Польскія памежнікі, убачыўшы «меламана» за стырном фуры, адзначылі, што замежнае падарожжа не адпавядае мэце выдання візы. Згодна з пастановаю суда магілёвец заплаціў вялікі штраф – дадатковая аплата за квіток ў оперу склала 20 тыс. злотых (прыкладна $ 6,6 тыс.).

Махляры нажываюцца на дэкларацыях «tax-free»

Самыя доўгія чэргі на польскіх памежных пераходах з Беларуссю ўтвараюцца ў калідорах, дзе штампуюць дакументы звароту падатку за набыты тавар, які вывозіцца з Польшчы. Праз гэта апошнім часам стаў папулярны новы від махлярства – «вяртанне» падатку па-за чаргою. Часам, уздоўж чаргі аўтамабіляў прагульваецца чалавек, бывае, нават ва ўніформе, і прапаноўвае за $ 10 паставіць неабходны штамп на дакументах. Даверлівыя кліенты карыстаюцца такімі паслугамі, аднак, калі вяртаюцца ў Польшчу, каб атрымаць належныя ім грошы, нярэдка трапляюць у рукі паліцыянтаў з абвінавачаннем у падробцы дакументаў. За гэта польскае заканадаўства прадугледжвае пакаранне да 3 гадоў пазбаўлення волі. Паводле звестак беларускага консульства ў Беластоку, такія прысуды ў дачыненні грамадзянаў Беларусі былі ўжо вынесеныя.

Займаешся кантрабандаю цыгарэтаў – могуць забраць аўтамабіль

Большасць цыгарэтаў, якія незаконна трапляюць у Польшчу, перапраўляюцца з Беларусі. Калі ў нашай краіне пачак цыгарэтаў каштуе ў сярэднім 4,5 злотых ($ 1,5), то ў Польшчы іх кошт складае больш за 12 злотых ($ 4).

Толькі ў пачатку красавіка працаўнікі мытнай службы Польшчы выкрылі кантрабанду амаль 1350 пачак цыгарэтаў на памежным пераходзе ў Палоўцах. Нелегальны груз быў схаваны ў пераробленых газавых балонах, якія праз беларуска-польскую мяжу перавозілі 3 легкавікі.

З пачатку года толькі на Падляшшы за кантрабанду сканфіскавалі 14 аўтаў жыхароў Горадні, машыну беларуса з-пад Берасця і аўта, зарэгістраванае на жыхара Віцебскай вобласці. Аўтамабілі лічацца доказамі незаконнага перавозу цыгарэтаў на тэрыторыю Польшчы. Калі ўладальнік аўта не прыходзіць на судовае паседжанне, машыну могуць прадаць на аўкцыёне, а атрыманыя сродкі пералічаць у дзяржаўны скарб.

Караліна Русіновіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары