«Навошта кагосьці ненавідзець»: Дзень Перамогі вачыма замежніка


Святочнае шэсце ветэранаў, перакрыты цэнтр, сагнаныя ўдзельнікі шэсця – менчукі даўно звыкліся з такім раскладам святкавання 9 траўня. Троху інакш гэты дзень выглядаў для гасцей сталіцы. Мы наведалі ўрачыстую імпрэзу разам з двума італьянцамі, сербам і расейцам.

«Я адмыслова абіраў дні свайго падарожжа ў Беларусь, каб трапіць на легендарнае 9 траўня», – зазначае Лёрэнца Марміролі, чапляючы да кашулі георгіеўскую стужку.

Гэтым часам Джардана Мэрліка падыходзіць да ветэранаў, гутарыць, дзякуе за перамогу. Удзельнікам вайны шмат хто паціскае рукі, дораць кветкі, а тыя выціраюць слёзы.

За першымі асобамі дзяржавы, ветэранамі і вайскоўцамі ідуць прадстаўнікі праўладных рухаў, афіцыйных прафсаюзаў, навучальных установаў, прадпрыемстваў. Сустракаюцца твары далёка не ўзнёслыя, бо, як стала вядома, школьнікаў на шэсце зганялі.

Каб назіраць за дзеяй, трэба прайсці праз металашукальнік і дагляд рэчаў. Нехта абураецца, што ідзе не на парад, а яго ўсё адно даглядаюць. Навінка сезону: на пунктах пропуску кожнага чалавека здымаюць на камеру (відаць, антытэрарыстычная захада). Тым часам Лёрэнца вымушаюць пакінуць на пункце фотаапарат: аб’ектыў большы за 4 міліметры. «Я сутыкаўся з аналагічнымі праблемамі ў Расеі, – каментуе турыст. – У гэтым рэгіёне існуюць законы, якія для мяне даволі дзіўныя».

Частка гараджанаў назірае за шэсцем з тэрасаў кавярняў, папіваючы піва. Іншыя сварацца з міліцыянтамі: у метро не пускаюць, а праспект ад Палацу рэспублікі да Плошчы Перамогі перакрыты.

Лёрэнца азіраецца вакол: «Мне падаецца, гэта даволі ціхая акцыя. Гэта, з аднаго боку, не вайсковы парад – няма тэхнікі, але і не грамадзянская акцыя. Народ нейкі няўзрушаны, не адчуваецца святочнага настрою».

Удзельнікі параду цягнуць атрыбутыку. Старшыні прафесійных ячэек ды іншыя кіраўнікі заводзяць выклічкі: «Віншуем!» і «Мы вас любім!».

У шэсці мільгацяць строі артыстаў, БРСМаўцаў, салдацкія ўніформы. Звычайных грамадзянаў без атрыбутыкі мала, яны ціснуцца на ходніках.

Расеец Канстанцін Сакалоў прыкмеціў навокал сваіх суайчыннікаў: «У мяне складаецца ўражанне, што беларусаў тут самы мінімум, у асноўным расейцы ды іншыя прыбылыя».

Гэткай колькасці народу дзівяцца і італьянцы: «У нас ёсць падобнае свята – Дзень вызвалення. На парадзе шыхтуюцца вайскоўцы, прамаўляюць афіцыйныя асобы, але сярод жыхароў Рыму гэта не папулярнае свята, а дадатковы выходны дзень. Яны выязджаюць за горад, ладзяць пікнікі».

Шэсце дайшло да манументу Перамогі. Усе чакаюць выступу галоўнакамандуючага. Шмат міліцыі ды іншых ахоўнікаў у штацкім. Канстанцін пытае: «А ў вас заўжды столькі АМАПу? У нас гэта рэдкасць…».

Лукашэнка пачынае выступ. Лёрэнца запісвае яго на дыктафон, «каб пасля ўважліва паслухаць».

«Беларусь пастаянна перабывае пад прыцэлам зброі неабвешчанай халоднай вайны. Нехта на Захадзе гэтак і не змірыўся з тым, што Беларусь не стала чарговаю «бананаваю рэспублікаю», што танчыць пад дудку заакіянскіх дэмакратыяў. Нас душаць санкцыямі і абліваюць брудам паклёпу…», – вяшчае Лукашэнка.

«Безумоўна, памятаць пра вайну варта, але навошта кагосьці ненавідзець?», – каментуе Лёрэнца.

Выступ сканчаецца. З апошнім акордам ваеннага аркестру даецца каманда «вольна» для ўсіх удзельнікаў параду. «Ну, нарэшце!», – выдыхае дзяўчына на абцасах, апускаючы дзяржаўны сцяг і сыходзячы ў бок метро.

Да нас далучаецца Нэманя Мілэнкавіч з Сербіі, які не паспеў на ўрачыстасць. «Як так? – пытаюся я. – Праспаў усё святкаванне?». «Ды мне нецікава гэта», – адказвае ён. Нягледзячы на тое, што Сербія дагэтуль у стане змагання за тэрыторыі, вайсковых парадаў, якія б мусілі ўздымаць баявы дух, там не ладзяць.

Моўчкі сыходзім з плошчы. Цішыню перарывае Канстанцін: «Калі гляджу на гэтыя грандыёзныя парады, у нас і ў вас, думаю, што лепш бы гэтыя грошы пайшлі на ветэранаў. Некаторыя з іх дагэтуль не могуць атрымаць жытло. Памяць, натуральна, важная, але трэба меней пафасу».

І глядзім услед ветэранам, якія ледзь ідуць. Іх місія выкананая да наступнага 9 траўня. Калі дажывуць…

НЯ, belsat.eu

Стужка навінаў