Беларусь чакае еўрапейскіх студэнтаў


Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч загадаў Міністэрству адукацыі «развіваць экспарт адукацыйных паслугаў».

“Чаму мы арыентуемся на прыцягненне на навучанне ў нашых універсітэтах толькі моладзі з краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі? Чаму нашае Міністэрства адукацыі, наш дыпкорпус не працуюць над тым, каб прыцягнуць моладзь з еўрапейскіх дзяржаваў?” – спытаў кіраўнік ураду на паседжанні Савету Міністраў.

Мясніковіч лічыць, што Беларусь мае значны патэнцыял для развіцця адукацыйных паслугаў. Дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Таццяна Мельнічук аптымізму прэм’ера не падзяляе: “Гэта банальная спроба выдаць жаданае за сапраўднае”.

На думку спадарыні Мельнічук, беларуская адукацыя карыстаецца попытам толькі сярод моладзі з постсавецкіх краінаў, што ў пэўнай ступені выклікана настальгіяй па сацыялізме. Еўрапейская ж адукацыя, сцвярджае выкладчыца, крочыла далёка наперад, і сёння беларускія ўніверсітэты не могуць скласці канкурэнцыі еўрапейскім. “Не ўяўляю сабе еўрапейца, які за ўласныя грошы прыедзе вывучаць асновы беларускай ідэалогіі, ну, хіба што толькі для экзотыкі”, – жартуе спадарыня Мельнічук.

Выкладчыца адзначае, што ў праграме навучання беларускіх універсітэтаў шмат непатрэбных прадметаў. “У беларускіх ВНУ – як у савецкай сталоўцы: еж, што даюць, а згодна з еўрапейскаю сістэмаю адукацыі, студэнты маюць права самастойна вызначаць, якія навукі ім спатрэбяцца ў будучыні”, – падкрэслівае Таццяна Мельнічук.

Як сведчаць статыстычныя звесткі Міністэрства адукацыі, сёлета ў беларускіх ВНУ атрымліваюць адукацыю каля 9 тысячаў замежных студэнтаў з 84 краінаў свету. Пры гэтым найбольш моладзі прыехала на навучанне ў нашую краіну з Туркменістану (2803 чалавекі) і Кітаю (каля 2 тысячаў).

belsat.eu

Стужка навінаў