Гісторыі, якія заўжды выклікаюць слёзы: Інтэрнаўты пра ўспаміны дзядоў і не толькі


Маёй прабабулі падчас вайны вужы ў лесе смакталі сукравіцу з апёкаў; мой дзед казаў, што дзяржава – гэта пахавальнае бюро; цётку бабулі расстралялі партызаны, – захавала памяць беларусаў, прасякнутая болем за мінулае і трывогаю за будучыню.

Што думае сучаснае пакаленне беларусаў пра вайну і Дзень Перамогі? Адказ можна пашукаць у сацыяльных сетках. Для большасці 9 траўня – гэта Дзень памяці і роздуму, а зусім не ўрачыстае свята.

Андрэй Стрыжак

Мой прадзед, які служыў ездавым у артылерыі, пайшоў на фронт, каб практычна без вестак згінуць у жорнах гісторыі, а прабабуля, разам з маёй 6-месячнай бабуляй перабралася ў глухую палескую вёску пад Мазыром. Там мая бабуля цяжка захварэла. Вайна, маладая жанчына з дзіцем на руках, якое памірае ў трывожным трызненні, і поўная адсутнасць медыкаментаў. І дапамога прыйшла з нечаканага боку – фельчар-немец працягнуў маёй прабабулі нейкія таблеткі і настойліва запатрабаваў, каб яна іх дала сваёй дачцэ. Прабабуля адважылася на лекаванне, і хвароба адступіла. А потым, праз год, ужо іншая нямецкая частка спаліла вёску дашчэнту і мая прабабуля бегла ў лес з надзеяй знайсці партызанаў ды ўратавацца, і ў адную з начэй сваіх пошукаў, яна заснула з дзіцем у лагчынцы, у якой раніцаю былі колькі дзясяткаў вужоў, што прысмакталіся да апёкаў, з якіх цякла сукравіца…

Калі мяне пытаюць пра вайну, я ўвесь час думаю пра тое, што горш за ўсё быць не камбатантам. Калі загінеш – ніхто не даведаецца пра твае пакуты, ты не герой-франтавік. Калі выжывеш – будзеш потым паўжыцця слухаць ідэалагічна вывераную “праўду” пра тое, што бачыў на ўласныя вочы. І маўчаць, бо занадта добра памятаеш пра тое, што рабілі з тымі, хто зашмат казаў…

Дзмітры Гурневіч

Аднаго майго прадзеда за пару месяцаў да капітуляцыі нацыстаў выслалі на 5 гадоў у Комі. Другі прадзед пасля вайны трапіў у маладзечанскую турму, бо да вайны быў польскім уланам. Цётку бабулі расстралялі партызаны за тое, што была сувязною польскіх партызанаў. Справу завершылі немцы, спаліўшы вёскі дзядоў з абодвух бакоў і прыхапіўшы некаторых у рабства. Таму слава людзям, якія прыклалі руку да знішчэння абодвух злачынных сістэмаў, і Gloria Victis.

Ігар Случак

Мой дзед, які прайшоў вайну і быў абыякавы да ўсіх рэжымаў, ад дэмакратычнага да таталітарнага, казаў, што дзяржава – гэта пахавальнае бюро… Думаю, ён шмат у чым меў рацыю… Ну, і пасля ранення, калі яму хацелі адрэзаць нагу, ён таксама паслаў усіх і дахадзіў з ёю да 89 гадоў… Ён мой герой… Дзед, з Перамогаю!

Алесь Ліпай

Мая Капыльшчына – не надта, каб партызанскі край. Паводле аповедаў аднавяскоўцаў, асноўныя партызанскія дзеянні вяліся ў двары майго дзядулі Аляксея. Першы раз партызаны прыйшлі ўначы і забралі кажухі, парася і кубел з салам. Нетутэйшыя. Прыблуды. Адзін з іх прыставіў стрэльбу да грудзей маёй бабулі Волькі, якая аберуч учапілася ў свежаспечаны бохан хлеба, і сіпеў: “Застрэлю, сука! Я за цябе кроў праліваю, а ты мне хлеба шкадуеш!..”.

Трое дзетак скавыталі ў куце ад страху. Калі другім разам партызаны ішлі ў нашую вёску, яны напароліся на нямецкую аўтакалону. Завязалася страляніна. Частка лясных братоў уцякла дуброваю, а двух загналі на нашую вуліцу. І яны схаваліся ў склепе маёй бабулі… Дык вось, яны заселі ў гэтым змрочным падзямеллі, з якога выдатна прастрэльваўся адзіны спуск. Забілі пару фашыкаў, некалькіх паранілі, покуль не скончыліся патроны. А калі адстрэльвацца больш не было чым, і немцы ламануліся ў скляпенне, – партызаны ўзарвалі сябе разам з ворагамі гранатаю. Подзвіг. Нягледзячы на тое, што нічога лепшага ім не заставалася. І нават на тое, што ішлі яны ў нашую вёску, каб зноў рабаваць суайчыннікаў…

Вось толькі не трэба мне закідаць, нібыта я ачарняю партызанскі рух і подзвіг савецкага народу. Бо ніхто з вас не захапляўся гэтак у дзяцінстве кнігамі пра гераічных партызанаў і не ствараў свой партызанскі атрад з вясковых хлапчукоў. І не спрачаўся з бабуляю да крыку, што партызаны – харошыя.

Яны, канечне, харошыя, – ціха адказвала бабуля на мае крыкі. – Але ж навошта было забіраць апошні хлеб у маіх дзяцей?..

Ну, ясна ж. Каб выжыць.

Наста Дашкевіч

Я не люблю гэты дзень. Я не люблю, калі дзень памяці і асэнсавання ператвараецца ў балаган, а ветэраны – у бутафорыю і дэкарацыі. Сёння па дарозе на працу я падышла да шапіка з садавіною, каб набыць сабе трохі яблыкаў. Побач са мною стаяла бабуля гадоў пад 80: мілая, слабенькая, сціплая. Яна, трымаючы ў руках адзіную купюру, нервавалася, што так дорага ўзяла сабе агуркоў – ажно на 15 тыс.! На ёй была хустка, доўгая спадніца, не паводле надвор’я цёплыя рэчы ды тая купюра змятая і зажатая ў кулачку. Я не пабачыла ніякіх георгіеўскіх стужак, медалёў і банцікаў ад Белай Русі, ды што сказаць, нават святочнага настрою я не пабачыла… Я глядзела на яе – і такі боль ахапіў за “вялікую перамогу” такіх, як яна, што не могуць спакойна, не хвалюючыся за заўтрашні дзень, набыць сабе пару няшчасных агуркоў на сняданак… Набыла сабе яблыкі, ёй – агуркі. Паспрабавала спытаць, ці трэба ёй нешта яшчэ, але бабуля чула і сарамліва дзякавала ды адмоўна ківала галавою, маўляў, “толькі па іх і прыйшла”. Я пайшла пасля адтуль з горкім прысмакам “пабеды”. Чула, як гандлярка, сарамліва працягваючы бабулі тыя агуркі ў пакунку, адно што і сказала ёй: “Ну, са святам Вас…”. А людзі ў гэты час абыходзілі гэтую бабулю, бо спяшаліся на той велічны парад, дзе будуць у святочным настроі адзначаць дзень гэтых бедных старых. Яны налепяць на сябе стужачкі, банцікі, сцяжкі і набяруць таннага алкаголю. А я, зайшоўшы ўжо ў аўтобус, моцна пашкадавала, што не папрасіла ў бабулі за ўсё гэта прабачэння. І яшчэ. Я чула, што сёння ветэранам бясплатна дазволілі катацца на катамаранах. Гэта геніяльна, я лічу.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў