Дзяўчына атрымала траўмы: Хацела сфатаграфаваць міліцэйскую машыну


Пра тое, як “далікатна” міліцыянты вялі Вольгу па лесвіцы, яна будзе ўзгадваць яшчэ доўга.

Вольгу Падзерыну затрымалі ноччу з 8 на 9 траўня каля ейнага дому ў Менску. Пасля поўначы яна за стырном вярнулася дахаты. Каля дому заўважыла міліцэйскі аўтамабіль і вырашыла яго сфатаграфаваць. Зрабіць гэта перашкодзіў праваахоўнік, які імгненна апынуўся побач, сказаўшы, што Вольга не мае права рабіць такіх здымкаў. Калі яна пачала пярэчыць, яе абвінавацілі ў дробным хуліганстве, затрымалі і адвезлі ў пастарунак.

Калі ў аддзеле Вольгу вялі па лесвіцы, яна пачала супраціўляцца. Тады міліцыянт яе піхнуў, і яна, упаўшы, разбіла руку і нагу. Дзяўчыну адпусцілі толькі пасля таго, як па яе прыехалі бацькі, якім удалося дамовіцца з сілавікамі. Вольга зрабіла здымкі траўмаў і збіраецца абараняць свае правы.

Вольга двойчы пабывала за кратамі. 5 дзён арышту атрымала за ўдзел у пікеце “Маладых дэмакратаў” у абарону палітвязняў. 10 – за наклейванне ўлётак, якія заахвочвалі да ўдзелу ў акцыях маўклівага пратэсту ў 2011 годзе.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў